Папа можа прыехаць у Беларусь без згоды праваслаўнай Царквы


Для візіту ў Беларусь пантыфіка ў якасці кіраўніка дзяржавы не патрэбны «дазвол» Беларускай праваслаўнай Царквы, заявіў айцец Сяргей Лепін, старшыня сінадальнага Інфармацыйнага аддзелу БПЦ. Пра гэта паведамляе Ватыканскае радыё.

«Наш прэзідэнт запрашае да сябе кіраўніка іншай дзяржавы, і калі гэта дзяржаўны візіт, Беларуская праваслаўная Царква ў гэтым не прымае ніякага ўдзелу, і ніякіх «дазволаў» з яе боку ў дадзеным пытанні не патрабуецца», – заявіў праваслаўны святар, словы якога прыводзяцца на сайце church.by.

«Але Папа з’яўляецца не толькі свецкім кіраўніком, а яшчэ і кіраўніком каталіцкага Касцёлу. І нюансы могуць быць, калі ён плануе свой візіт не толькі як дзяржаўны лідар, але і як кіраўнік рэлігійнай канфесіі, асабліва калі ў выніку гэтага візіту магчымыя змены ў міжканфесійных адносінах у нашай краіне», – адзначыў айцец Сяргей.

Па яго словах, у краіне ўсталяваліся цёплыя адносіны паміж католікамі і праваслаўнымі. «Для нас гэта вельмі важна, і асцярогі з нагоды магчымага візіту Папы звязаныя менавіта з бояззю страціць гэтыя ўзаемаадносіны», – сказаў ён і дадаў, што «многія праваслаўныя і нашай краіны не хаваюць сваёй занепакоенасці з нагоды візіту Пантыфіка», не ўдакладняючы, на чым палягае гэта занепакоенасць.

Трэба нагадаць, што падчас нядаўняга візіту ў Беларусь Дзяржаўнага сакратара Папы Рымскага, кардынала П’етра Параліна прагучала запрашэнне Святому Айцу наведаць краіну не толькі з боку каталіцкага Касцёлу, але і дзяржаўных уладаў, у тым ліку і лідара Беларусі. Кіраўнік Беларускай праваслаўнай Царквы, мітрапаліт Менскі і Заслаўскі Павел сказаў пасля сустрэчы з ватыканскім кардыналам, што магчымы візіт пантыфіка з ім не абмяркоўваўся і «пакуль такое пытанне не стаіць».

МЯ, паводле radiovaticana.va

Стужка навінаў