Папа Францішак прызначыў новага біскупа ў Беларусі


Папа Рымскі Францішак прызначыў 9 чэрвеня 2015 года дапаможным біскупам Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі ксяндза Аляксандра Яшэўскага, які да гэтага працаваў у Менску.

Ксёндз Аляксандр Яшэўскі нарадзіўся ў 1974 годзе ў Смаргоні. У 1991 годзе ўступіў у Таварыства святога Францішка Сальскага. Вывучаў філасофію ў Салезіянскай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Лодзі (Польшча) і тэалогію ў Папскім салезіянскім універсітэце ў Рыме, падае Беларуская служба Ватыканскага радыё.

Святарскае пасвячэнне ён атрымаў 24 чэрвеня 2000 года. Працаваў у мястэчках Гарадзенскай вобласці – Барунах, Жодзішках, Жупранах. Некалькі гадоў правёў у Расеі. З 2014 года – кіраўнік салезіянскай супольнасці ў Менску.

Папа Рымскі Францішак вельмі шануе Беларусь, і з гэтай нагоды ён «запусціў у тыраж машыну, якая штампуе біскупаў», гэтак апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Кляўд’ё Гуджэроцці пракаментаваў прызначэнне новага біскупа, падае krynica.info.

Апостальскі нунцый таксама паведаміў, што біскуп Аляксандр Яшэўскі будзе адказны за Магілёўскую вобласць. Пры гэтым ён нагадаў, што ў свой час Магілёў быў цэнтрам найбуйнейшай каталіцкай дыяцэзіі ў свеце, якая ахоплівала ўсіх каталікоў Расейскай імперыі. Заданнем для новага біскупа будзе ўзмацніць каталіцкую супольнасць у рэгіёне, якая зазнала «вялізны атэістычны ўціск», «адкрыць карані, нацыянальнае паходжанне» жыхарам Магілёўшчыны, а таксама падтрымліваць сардэчныя і паважныя адносіны з усімі асяроддзямі вобласці, у тым ліку Праваслаўнай Царквой.

Ксёндз Аляксандр Яшэўскі стаў чацвёртым беларускім біскупам, прызначаным папам Францішкам. 29 лістапада 2014 года пантыфік прызначыў кс. Алега Буткевіча – біскупам Віцебскім, кс. Юрыя Касабуцкага – дапаможным біскупам Менска-Магілёўскай дыяцэзіі, кс. Юзафа Станеўскага – дапаможным біскупам Гарадзенскай дыяцэзіі. Такім чынам беларускі епіскапат будзе складацца з васьмі іерархаў.

МЯ, паводле be.radiovaticana.va, krynica.info.

Стужка навінаў