Папа прыедзе да «бацькі»


18 жніўня ў Беларусь прыбыў новы Апостальскі Нунцый арцыбіскуп Габар Пінтэр.

Каталіцкі іерарх паведаміў, што Папа Францішак пацвердзіў гатовасць наведаць Беларусь. «Я бачыўся з Папам Францішкам 13 дзён таму, і практычна першым, аб чым зайшла гаворка, быў апошні візіт Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі ў Рым і яго сустрэча з Пантыфікам, а таксама запрашэнне ў Беларусь. Папа Рымскі сказаў, што мы знойдзем час і магчымасць для гэтага візіту. Я не магу сказаць, калі або як, але думаю, што сказанае Пантыфікам – штосьці пазітыўнае для Беларусі».

У нацыянальным аэрапорце «Менск» папскага амбасадара сустракалі ўсе чальцы Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі на чале з мітрапалітам Мінска-Магілёўскім арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам.

«Я вельмі рады ступіць нарэшце на беларускую зямлю. Было вельмі цікава назіраць з самалёта, якая ж прыгожая краіна Беларусь! У многім яна нагадала мне пра Вугоршчыну – так шмат палёў таксама і ў маёй краіне, – сказаў прадстаўнік Папы.

Габар Пінтэр – ураджэнец Вугоршчыны, яму 52 гады. Прызначэнне новым апостальскім нунцыем у Беларусі ён атрымаў тры месяцы таму.

«Гэта не толькі візіт, я застаюся тут. Цікава атрымалася з фармулярам, які мне трэба было запоўніць у самалёце, – да якой даты я тут прабуду. Запаўняючы яго, я нічога не напісаў, таму што застануся тут – спадзяюся, на доўгі час (усміхаецца – заўв. catholic.by»).

Фота: EPA/ANDREW MEDICHIN

ЮВ, belsat.eu, паводле catholic.by

Стужка навінаў