Папа абвесціў збор сродкаў для ахвяраў канфлікту ва Украіне


Прымаць грошы будуць у нядзелю, 24 красавіка, ва ўсіх каталіцкіх касцёлах Еўропы.

Пра гэта пантыфік сказаў у прамове з нагоды свята Божай міласэрнасці на плошчы святога Пятра.

«У гэты дзень, які ёсць сэрцам святога Года міласэрнасці, мая думка накіроўваецца да ўсіх людзей, якія прагнуць замірэння і міру. Тут, у Еўропе, у прыватнасці думаю пра драму тых, хто пакутуе ад наступстваў гвалту ва Украіне: пра людзей, што засталіся на спустошаных у выніку ваенных дзеянняў землях. Вайна ўжо стала прычынаю некалькіх тысяч смерцяў. Больш як мільён асобаў былі вымушаны пакінуць гэтыя землі праз цяжкую сітуацыю, якая працягваецца надалей. Яна закранае, перш за ўсё, старых людзей і дзяцей. Акрамя таго, што малюся за іх і думаю пра іх, я пастанавіў сабраць для іх гуманітарную дапамогу. З гэтай мэтай ва ўсіх каталіцкіх касцёлах Еўропы будзе праходзіць 24 красавіка 2016 г. спецыяльны збор сродкаў. Заклікаю шчодра далучыцца да гэтай ініцыятывы. Гэты акт міласэрнасці мае на мэце не толькі палегчыць матэрыяльнае становішча, але і паказаць маю блізкасць і асабістую салідарнасць з усім Касцёлам. Я шчыра спадзяюся, што гэты жэст паспрыяе міру і павазе да правоў на гэтых закранутых выпрабаваннямі землях.

Калі мы молімся за мір, нельга забываць, што заўтра адзначаецца Сусветны дзень барацьбы з наземнымі мінамі. Занадта шмат людзей гіне або скалечваецца ад гэтай жудаснай зброі, а адважныя мужчыны і жанчыны рызыкуюць сваймі жыццямі, каб ачысціць замінаваныя землі. Паўторым нашае жаданне для свету без мінаў.

І нарэшце накіроўваю віншаванні ўсім, хто ўзяў удзел у гэтым святкаванні, у прыватнасці супольнасцям, якія культывуюць духоўнасць Божай міласэрнасці. Усе разам звернемся ў малітве да нашай Маці», – сказаў Папа.

Пасля малітвы пантыфік прывітаў прысутных на плошчы св. Пятра ў Ватыкане.

ЮВ, belsat.eu, паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

Стужка навінаў