Памёр заснавальнік і галоўны рэдактар «Аўтарадыё»


Bazan2

Юрый Базан

На 54-м годзе жыцця 24 верасня памёр заснавальнік і галоўны рэдактар «Аўтарадыё» Юрый Базан.

Пра гэта паведамілі Tut.by ягоныя сваякі.

«Ён быў сапраўдным прафесіяналам сваёй справы, спецыялістам з вялікай літары. Ён мог падняць настрой кожнаму, ягоная ўсмешка ніколі не знікала. Заўсёды іскрысты, жыццярадасны і ўпэўнены ў сабе, наш Юрый Базан. Нам усім будзе вельмі не хапаць яго. Іншага такога чалавека ў свеце больш няма. Ён да канца жыцця застанецца ў нашай памяці як узор стойкасці, справядлівасці, актыўнасці і прафесіяналізму!»- гаворыцца ў лісце.

Юрый Базан пра магчымае вяртанне «Аўтарадыё» у эфір

«Аўтарадыё-Менск» – першая радыёстанцыя ў Беларусі, якая пачала сваё вяшчанне пасля распаду СССР. З 1992 года і да 20 студзеня 1995 года станцыя працавала толькі на частаце 67.7 УКВ. У 2001 годзе была афіцыйна запушчаная паралельная частата 105.1 FM.

У 2011 годзе «Аўтарадыё» выключылі з эфіру. Адной з падставаў для спынення вяшчання стала папярэджанне, вынесеная Мінінфармам 10 студзеня. Паводле афіцыйнай фармулёўкі, прычынай папярэджання і спынення вяшчання «Аўтарадыё» стаў распаўсюд у эфіры радыёстанцыі інфармацыі, якая «змяшчала публічныя заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці». Менавіта так чыноўнікі ацанілі фразу кандыдата ў прэзідэнты на выбарах-2010 Андрэя Саннікава ў рэкламным роліку пра тое, што «лёс краіны вырашаецца не на кухні, а на плошчы». Рашэнне аб закрыцці аспрэчвалася ва ўсіх інстанцыях, але засталося ў сіле.

НМ, belsat.eu, паводле tut.by

Стужка навінаў