Памёр польскі мільярдэр, які хацеў інвеставаць у Беларусі


У венскім шпіталі ва ўзросце 65 гадоў памёр самы багаты паляк – Ян Кульчык. Смерць была выкліканая ўскладненнямі пасля дробнай аперацыі на сэрцы, падаюць польскія медыі.

Яна Кульчыка называлі алігархам, бо асноўную частку свайго багацця, якое ацэньваюць на $ 4,1 млрд, зарабіў на прыватызацыі дзяржаўных прадпрыемстваў, між іншым «Тэлекамунікацыі» – аналага беларускага «Белтэлекаму».

У 2010 годзе Кульчык планаваў інвестваць значную суму капіталу ў будаўніцтва цеплаэктрастанцыі ў Зэльве ў Гарадзенскай вобласці. Электрастанцыя павінна была працаваць на польскім вуглі, а энергію планавалі скіроўваць зноў пераважна ў Польшчу. Такі бізнес меў прынесці для польскага прадпрымальніка вялікія грошы, бо кошт прадукцыі электраэнергіі ў Беларусі значна меншы, чымся ў Еўразвязе, дзе існуюць экалагічныя абмежаванні ўзроўню выкідаў у паветра вуглякіслага газу.

Чытайце яшчэ >>>  Эколаг: Пабудова ТЭЦ у Зэльве супярэчыць міжнародным пагадненням

Пасля жорсткага разгону Плошчы-2010 і далейшых рэпрэсіяў супраць беларускіх дэмакратычных сілаў Ян Кульчык адмовіўся ад інвестыцыйных планаў у Беларусь, патлумачыўшы, што ўкладанню грошай на спрыяе палітычная абстаноўка і бізнес-клімат. Аднак высветлілася, што думкі пра інвестыцыі ў Беларусі ўсцяж не пакідалі Кульчыка.

Летась у Польшчы прагрымеў палітычны скандал: грамадскасць даведалася пра аўдыёзапісы прыватных размоваў польскіх палітыкаў і бізнесоўцаў. Гэтыя запісы нібыта патаемна зрабілі афіцыянты найдаражэйшых варшаўскіх рэстаранаў. З запісаў стала вядома, што Ян Кульчык абмяркоўваў з міністрам замежных справаў Польшчы Радаславам Сікорскім «цікавыя інвестыцыйныя планы» ў дачыненні Украіны і Беларусі.

Якуб Бернат, Максім Ярашэвіч, belsat.eu

Стужка навінаў