Памёр пасол Беларусі ў Нямеччыне


17 лістапада раптоўна памёр Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Нямеччыне Андрэй Гіро. Спадару паслу было 48 гадоў.

«Міністэрства замежных спраў Беларусі з жалем паведамляе, што 17 лістапада раптоўна пайшоў з жыцця Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Федэратыўнай Рэспубліцы Германія Андрэй Уладзіміравіч Гіро», – паведамілі ў МЗС.

Андрэй Гіро нарадзіўся 20 кастрычніка 1967 у Менску. Вывучаў ангельскую і нямецкую мовы ў Менскім дзяржаўным педагагічным інстытуце замежных моваў, а таксама знешнюю палітыку і дыпламатыю ў Інстытуце дзяржаўнай службы Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.

Распачаў дыпламатычную місію ў 1993 годзе, прадстаўляў Беларусь у Швейцарыі, Аўстрыі і ў апошнія гады – у Германіі.

«Андрэй Гіро валодаў неверагодным асабістым пазітывам, дзіўным пачуццём гумару і ўменнем сябраваць. Калегі, супрацоўнікі Міністэрства замежных спраў запомняць яго як уважлівага і спагадлівага чалавека, мудрага і цярплівага настаўніка. У паўсядзённым жыцці гэта быў добры, надзейны, поўны планаў і жаданняў чалавек. З сумным, але светлым пачуццём Андрэя Уладзіміравіча ўспомняць тысячы людзей, якім пашчасціла працаваць і кантактаваць з ім. Падзяляем горыч страты і выказваем глыбокія і шчырыя спачуванні родным і блізкім Андрэя Уладзіміравіча Гіро», – адзначылі ў МЗС.

Развітанне адбудзецца 18 лістапада 2015 года з 10-ай да 12-ай гадзіны ў Менску ў рытуальнай залі па адрасе Альшэўскага, 12.

ДД, «Белсат», фота: «БелТА»

Глядзі таксама
Каментары