Памёр навуковец Аляксей Яблакаў, які называў будаўніцтва БелАЭС варʼяцтвам (+ архіўнае інтэрв'ю)


Аўтар самай вялікай манаграфіі, прысвечанай катастрофе – «Чарнобыль. Наступствы для чалавека і прыроды», член-карэспандэнт Расейскай акадэміі навук эколаг Аляксей Яблакаў памёр на 84-м годзе жыцця. Летась расейскі навуковец даў інтэрвʼю «Белсату», у якім ацэньваў наступствы катастрофы на ЧАЭС і намаганні беларускіх уладаў збудаваць атамную станцыю ля Астраўца.

Аляксей Яблакаў браў удзел у працы Грамадскай экалагічнай экспертызы праекту будовы БелАЭС. «Астравецкая АЭС – гэта варʼяцтва, гэта авантура, якой кіраўніцтва Беларусі – Лукашэнка – проста выцягвае грошы з Расеі», – заявіў Яблакаў у інтэрвʼю «Белсату». Прапануем вашай увазе поўны тэкст размовы з навукоўцам.

Што галоўнае мы ведаем сёння пра Чарнобыль?

Гэта самая вялікая тэхнагенная катастрофа ў гісторыі планеты паводле сваіх маштабаў. Геаграфічныя маштабы: чарнобыльскія аблокі прынамсі чатыры разы адпрасавалі ўсё Паўночнае паўшареЧарнобыльскія ападкі ёсць і ў Афрыцы, і нават у Антарктыдзе. Уплыў на чалавека: пад чарнобыльскія выкіды трапілі ад 2 да 3 мільярдаў асобаў. Каля 400 млн трапілі пад значнае забруджанне. 7–8 млн чалавек трапілі пад сурёзныя выкіды.

5 мільёнаў сёння жывуць на тэрыторыях з заўважным праменяваннем і атрымліваюць невялікае хранічнае праменяванне. Сярод іх 800 тыс. дзяцей.

Апроч таго, ёсць праблема ліквідатараў. Статус ліквідатара давалі цягам 4 гадоў – з 1986 да 1989 гг. Мы не ведаем, колькі дакладна ліквідатараў прайшло праз Чарнобыль. Паводле маіх падлікаў іх было 830 тыс.

Як цяпер на нас уплываюць наступствы катастрофы?

Ёсць два пункты гледжання. Афіцыйны і неафіцыйны, які я падзяляю і які лічу больш правільным. Афіцыйная пазіцыя такая – у выніку катастрофы будзе дадатковых 9 тыс. смерцяў ад раку і прыкладна 200 тыс. хворых. Гэта высновы, якія зрабіла МАГАТЭ і Сусветная арганізацыя здароўя да 20-годдзя Чарнобылю. Потым яны зрабілі карэкціроўку і сказалі: будзе не 9 тыс., але 30 ці, можа, 40 тыс. дадатковых выпадкаў раку. Але яны не будуць заўважальныя на фоне ўзросту захворванняў ракам.

А неафіцыйна робіцца так. Трэба параўнаць тэрыторыі, якія побач, – моцна забруджаныя і слаба забруджаныя. На такой методыцы заснаваныя дзясяткі тысяч працаў. Ключавое параўнанне зрабілі калегі з Санкт-Пецярбургу пад кіраўніцтвам нябожчыка прафесара Худалея з сельскагаспадарчай акадэміі навук. Яны параўналі 5 самых забруджаных вобласцяў Расеі ды вобласці, якія размяшчаюцца побач і меней забруджаныя. Паглядзелі статыстыку смерцяў. Велізарная праца за 1990–2005 гг. Аказалася, што смяротнасць у гэтых моцна забруджаных вобласцях на 3,75 % большая. У лічбах гэта 230 тыс. дадатковых смерцяў. Гэтыя лічбы, што апублікаваў Худалей, пацвердзіліся пазней беларускімі дэмографамі, а таксама ўкраінскімі звесткамі. Там таксама смяротнасць большая ў забруджаных рэгіёнах прыкладна на 4 %.

Ёсць стэрэатып, што Беларусь, Расея і Украіна атрымалі большасць забруджання. Гэта няпраўда. Гэтыя краіны атрымалі каля 47 % чарнобыльскага забруджання. Рэшта па-за межамі гэтых дзяржаваў.

Якія фінансавыя страты прынёс Чарнобыль?

Беларусь страціла 25 % бюджэту на наступствы Чарнобылю, Украіна – 10–12 % а Расея – 1 %. Ёсць падлікі на 25-годдзе – гэта 550 млрд долараў. І гэта толькі былы СССР. Агульны прыкладны кошт Чарнобылю – каля трыльёна долараў.

Чаму небяспечна жыць на забруджаных тэрыторыях?

Жыць на забруджаных тэрыторыях небяспечна з двух прычынаў. Па-першае, гэта наступствы першага страшнага радыяцыйнага ўдару, якіх ніхто дакладна не ведае. Па-другое праменяванне нізкага ўзроўню, штодзённае і хранічнае, не менш небяспечнае, чымся аднаразовае магутнае выпраменьванне.

Словам «Чарнобыль» называюць розныя катастрофы, у тым ліку палітычныя.

Чарнобыль – гэта пачатак развалу Савецкага Саюзу, і гэта неаднаразова прызнаў Гарбачоў. Савецкі Саюз нельга было захаваць пасля рэферэндуму ва Украіне. Тады запыталі: «Хочаце вы быць у СССР ці не?». Адзін з аргументаў супраць гучаў так: «Мы не хочам быць з маскалямі, якія зрабілі нам Чарнобыль». Тады зрабілі выснову – атамныя катастрофы нясуць з сабою магчымасць палітычных катастрофаў. Тое самае адбылося ў Фукусіме. Шчасце японцаў у тым, што вецер падзьмуў у кірунку акіяну. Калі б не, то эканоміка б рухнула і развітая Японія скончылася б. Гэта была б іншая краіна.

Як індывідуальна праверыць, колькі чалавек атрымаў радыяцыі?

Ёсць лічнікі індывідуальнага праменявання чалавека. Ёсць структуры, якія тое рэгіструюць, – зубы і храмасомы. У зубах ад радыяцыі змяняецца структура эмалі ды паводле электроннага парамагнітнага рэзанансу можна сказаць, колькі чалавек атрымаў радыяцыі за сваё жыццё. Апроч таго, аналізуеце кроў на прадмет, колькі парушэнняў храмасомаў. Параўноўваюць людзей, якія атрымалі большую колькасць радыяцыі ды меншую колькасць, – розніца і будзе чарнобыльскім эфектам.

Ёсць дзве версіі, чаму менавіта Беларусь атрымала большасць радыенуклідаў. Паводле афіцыйных беларускіх звестак «Особенности метеорологических условий в период 26 апреля – 10 мая 1986 года, а также состав и динамика

аварийного выброса радиоактивных веществ обусловили

сложный характер загрязнения территории республики».

Але ёсць супрацьлеглая версія, што камуністы свядома скіравалі радыеактыўныя аблокі ў бок ад Масквы, што Вы пра гэта думаеце?

Ёсць факты, успаміны вайсковых лётчыкаў. Яны апублікаваныя. Яны атрымлівалі заданні, паводле гэтых вайсковых лётчыкаў: «асадзіць радыенукліды на подступах да Масквы, Варонежу і Ніжняга Ноўгараду». Калі я пра гэта сказаў акадэміку Ізраэлю, які тады быў начальніка гідрамету, ён сказаў: «Гэтага не можа быць». Я кажу: «Юрый Антонавіч, вось жывыя людзі пад камеру сказалі, што яны гэта рабілі». Ён кажа: «Не ведаю, магчыма, я чагосьці не ведаў». Я думаю, так і было і што не ўсе плямы натуральныя.

З гэтага вынікае маральны абавязак, які павінныя несці гэтыя выратаваныя людзі. Я не ведаю, што б я рабіў на месцы Палітбюро. Ідзе воблака і калі яно накрые гарады з 10 мільёнамі чалавек ці яно накрые тэрыторыі з 50 тысячамі чалавек. Я б ратаваў гэтыя 10 мільёнаў, калі шчыра казаць. Але гэта значыць, што я да канца жыцця мушу быць удзячны і песціць тых людзей, на якіх я скіраваў дадатковую радыяцыю, чаго, на жаль, не адбываецца.

У сувязі з катастрофаю і затойваннем уладамі фактаў, з’явіўся шэраг міфаў. Напрыклад, што алкаголь выводзіць радыяцыю.

Алкаголь не выводзіць радыяцыі. Але ёсць рэчывы, якія выводзяць радыяцыю, гэта шырока вядомыя рэчывы. Гэтак званыя дэкарпаранты. У асноўным пекціны ў садавіне, напрыклад, – у яблыках. Усё гэта апрацаванае. Ёсць вялізныя інструкцыі. На тэрыторыях з невялікім забруджаннем можна жыць бяспечна, калі выконваць правілы.

Спачатку людзям, якія жывуць на забруджаных тэрыторыях, дапамагалі – прывозілі прадукты. А потым людзі прызвычаіліся да радыяцыі. Пачалі больш спажываць мясцовых прадуктаў, і тады ўнутранае апраменьванне пачало павялічвацца. Гэта рэальны факт.

Што Вы думаеце пра пабудову ў Беларусі новай атамнай электрастанцыі – Астравецкай?

Астравецкая АЭС – гэта варʼяцтва, гэта аванцюра, якой кіраўніцтва Беларусі – Лукашэнка – проста выцягвае грошы з Расеі. Будаваць атамную станцыі ў Беларусі без сэнсу. Не трэба гэтага рабіць. Трэба развіваць іншыя крыніцы энергіі. Я вельмі супраць. Я быў у Менску і выступаў супраць яе. Гэта вяряцтва.

Абʼект «Укрытие» ці саркафаг укрывае 4-ты рэактар ЧАЭС, у якім ён стане?

Першы саркафаг збудавалі ліквідатары, і ён хутка пачаў разбурацца. Далей на пытанне адказаць складана, бо дакладна невядомая колькасць паліва, якое там ёсць. Украіна пачала шантажаваць Еўропу, маўляў, саркафаг разбураецца. Еўропа вылучыла каласальныя грошы каля 2–3 мільярдаў еўраў. Грошы раскрадаліся. У выніку французская кампанія збудавала гэты саркафаг. Ён надзейны, але невядома, колькі пад ім паліва. Я згодны з тымі разлікамі, паводле якіх на 100 гадоў праблему развязалі.

Як пазбегнуць новага Чарнобылю ў будучыні?

Не будаваць новых станцыяў і выводзіць з эксплуатацыі дзейныя, так, як гэта робіцца ў Нямеччыне. Там вырашылі – мы пераходзім на іншыя крыніцы энергіі, бо атамная энергетыка непрымальна небяспечная.

Гутарыў Сяргей Пеляса, belsat.eu

Стужка навінаў