Памёр музычны крытык Вітаўт Мартыненка. Яму было 56 гадоў. У 1980-я ён першым пачаў раскручваць беларускамоўны рок


Ён адышоў пасля шматгадовага змагання з цукровым дыябетам.

Як паведаміў Анатоль Мяльгуй, яго сябра і калега памёр сёння, 17 красавіка. У Вітаўта Мартыненкі засталася 25-гадовая дачка Альдона.

«Вельмі цяжка ўсведамляць, што няма чалавека, з якім я сябрую ўжо больш за 30 год… Найперш Вітаўта ведаюць як выдатнага музычнага крытыка, але ён таксама таленавіта журналіст і паэт, які пісаў вершы для беларускіх гуртоў. Гэта быў вельмі крэатыўны чалавек, які ставіў перад сабой вельмі розныя задачы. Напрыклад, ён адстойваў, каб у беларускай мовы адрознівалася напісанне выбухнога і фрыкатыўнага «г». А яго марай было ўвядзенне асобных літар для абазначэння гукаў «дж» і «дз». Але гэта, відаць, так і застанецца яго марай.

Сышоў сапраўдны архіварыус беларускай незалежнай музыкі. Пасля яго застаўся вялізны архіў артыкулаў як яго аўтарства, так і іншых музычных крытыкаў – ён усё гэта збіраў. Таксама ў яго грунтоўная калекцыя вінілаў. Шкада, калі гэта прападзе. Гэта ўнікальны здабытак у беларускай музычнай культуры», – сказаў Анатоль Мяльгуй.

Вітаўт Мартыненка нарадзіўся 29 верасня 1959 году ў Менску. Скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, факультэт журналістыкі.

З 1983 да 1994 працаваў карэспандэнтам, адказным сакратаром, намеснікам галоўнага рэдактара моладзевай газеты «Чырвоная змена», рэдагаваў музычную рубрыку «Мелодыя» (з 1986 – «Нотны аркуш»). З 1989 да 1995 быў карэспандэнтам мюнхенскай рэдакцыі радыё «Свабода», арганізаваў там і праводзіў беларускі музычны хіт-парад. З 1994 да 1997 працаваў намеснікам галоўнага рэдактара штотыднёвіка «Кинонеделя Минска».

У 1985 разам з сябрам і музычным крытыкам Анатолем Мяльгуем быў сярод стваральнікаў незалежнага музычнага рок-клюбу «Няміга», які ў 1987-м стаў калектыўным сябрам каардынацыйнай рады моладзевых нефармальных суполак. У канцы 1980-х – удзельнік «Талакі», «Тутэйшых».

ЮВ, belsat.eu, паводле svaboda.org

Стужка навінаў