Памёр гісторык Юрась Бохан


З крыніцаў «Белсату» стала вядома пра смерць прафесара, доктара гістарычных навук, даследчыка вайсковай справы Вялікага Княства Літоўскага спадара Юрася Бохана.

Паводле гісторыка Мікалая Волкава, Юрась Бохан памёр раптоўна 13 красавіка. Для ўсіх калег гэта было поўнай нечаканасцю.

«Мы дагэтуль адмаўляемся ў гэта верыць. Дзіўная сітуацыя, я яму набіраў на тэлефон у абед думаючы запытацца нешта пра навуковыя пытанне, ён не падняў, падумалася пасля стэлефануемся, як вызваліцца. А праз 10 хвілін мне патэлефанавала калега з працы і сказала, што ён памёр. Вельмі раптоўна, вельмі нечакана для ўсіх, у чацвер мусілі разам з імі ехаць на канферэнцыю ў Нясвіж.

Бохан – гэта лепшы знаўца зброі позняга сярэднявечча і ранняга новага часу ў Беларусі, фактычна заснавальнік школы. Вядомы гісторык Мікола Плавінскі – ягоны вучань, я таксама займаюся ваеннымі справамі, шмат у яго навучыўся, пад яго кіраўніцтвам я абараніўся літаральна ў канцы 2017 года.

Вельмі цудоўны, прыязны чалавек, якога ўсе любілі. І хаце часта шмат хто адзін з адным сварацца, яго шанавалі ўсе, і ён да ўсіх ставіўся зычліва. Тых гісторыкаў добрых і так мала, а тут такая страта, што ня ведаем, што далей будзе», – сказаў Мікола Волкаў.

Не так даўно спадар Юрась стаў адным з госцяў праграмы Аляксандра Краўцэвіча «Загадкі гісторыі», дзе распавёў пра адрозненні ва ўзбраенні і ў тактыцы літоўскага і маскоўскага войска.

Юрась Бохан нарадзіўся 21 лютага 1966 году ў Менску. У 1990 г. скончыў гістарычны факультэт Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А. М. Горкага і паступіў у вочную аспірантуру Інстытута гісторыі НАН Беларусі па спецыяльнасці археалогія.

Займаўся пытаннямі урбаныстычнага развіцця Вялікага княства Літоўскага ў ХV – ХVІІІ стст., Берасцейскай царкоўнай уніі 1596 г., праблемамі палітычнай і вайсковай гісторыі Вялікага княства Літоўскага, узбраення і арганізацыі войска гэтай дзяржавы ў ХІV – ХVІ стст., а таксама побыту феадалаў ВКЛ. Меў звыш 120 публікацый, у тым ліку шэраг манаграфій. Зʼяўляецца адным з аўтараў кніг «Археалогія Беларусі».

ДР belsat.eu

Стужка навінаў