Памёр даследнік лёсаў ахвяраў сталінскага рэжыму Леанід Маракоў + невядомае інтэрв’ю


Яму было ўсяго 58 гадоў. Пра ягоную смерць паведаміла грамадская актывістка і даўняя знаёмая пісьменніка Наталля Саматыя.

Да нядаўняга часу Леанід Маракоў знаходзіўся ў менскім госпісе з неаперабельнай пухлінай галаўнога мозгу. Напачатку года ён перажыў інсульт. Напярэдадні ж стала вядома, што яго пераводзяць з госпісу ў Дом міласэрнасці.

Леанід Маракоў – бадай, адзіны пісьменнік у нашай краіне, імя якога стаіць не толькі на мастацкіх кнігах, але і на энцыклапедыі. Дзеля працы ў вяртанні з нябыту больш як 20-ці тысяч закатаваных сталіністамі беларусаў ён ахвяраваў літаральна ўсім, у тым ліку кар’ерай паспяховага бізнесоўца.

Пісьменнік і даследнік нарадзіўся ў 1958 годзе. Па прафесіі ён быў інжынерам-радыёэлектронікам. У 1990-я гады пачаў вывучаць біяграфію свайго дзядзькі, паэта Валерыя Маракова, які быў расстраляны 29 кастрычніка 1937 года. У выніку з’явілася маштабнае даследаванне сталінскіх рэпрэсіяў у Беларусі – падрыхтаваны і часткова выдадзены 10-томны энцыклапедычны даведнік «Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы. 1794-1991», які змяшчае звесткі пра 20 тысяч ахвяраў.

Леанід Маракоў таксама напісаў дослед «Ахвяры і карнікі», асобна выйшла кніга звестак пра рэпрэсаваных у Беларусі праваслаўных святароў. У 2014 годзе выйшла ягоная манаграфія «Галоўная вуліца Менску. 1880–1940».

Акрамя навуковых дасьледаванняў, у даробку Маракова і мастацкая проза: раман «Непамяркоўныя. Трэцяя спроба», зборнікі апавяданняў «Сшытак забітага кантрабандыста», «Яны ня ведалі».

ДР belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары