Памёр былы прэзідэнт Ізраіля Шымон Перэс, які нарадзіўся на Валожыншчыне


Як паведамлялі крыніцы ў ягоным атачэнні, стан 93-гадовага Перэса рэзка пагоршыўся на гэтым тыдні – пасля перанесенага раней у гэтым месяцы інсульту.

13 верасня ён быў дастаўлены ў лякарню недалёка ад Тэль-Авіва. З гэтага моманту Перэс знаходзіўся ў стане комы  і  быў падлучаны да апарата штучнай вентыляцыі лёгкіх.

Шымон Перэс займаў амаль усе галоўныя дзяржаўныя пасады ў Ізраілі: ён адпрацаваў два тэрміны на пасадзе прэмʼер-міністра, некалькі разоў узначальваў міністэрства абароны Ізраілю, міністэрства фінансаў, міністэрства сувязі, МЗС, МУС ды іншыя ведамствы. З 2007 па 2014 гады Перэс займаў пасаду прэзідэнта краіны.

У 1994 годзе ён атрымаў Нобэлеўскую прэмію міру – разам з прэмʼер-міністрам Іцхакам Рабінам і палесцінскім лідарам Ясірам Арафатам – за урэгуляванне канфлікту з Палесцінай.

Шымон Перэс нарадзіўся 2 жніўня 1923 г. у вёсцы Вішнева (цяпер Валожынскі раён, Менская вобл. / раней Валожынскі павет, Польшча). У 1934 г. эміграваў у Палесціну.

Як ушаноўваюць Шымона Перэса ў роднай беларускай вёсцы

Пахаванне адбудзецца 30 верасня.

Фота: «Reuters»

ЮВ, belsat.eu, паводле bbc.com

Стужка навінаў