Памёр былы палітвязень, амбасадар і міністр Міхаіл Марыніч


Вядомаму беларускаму дзеячу было 74 гады.

Пра смерць Міхаіла Марыніча паведаміў сайт charter97.org са спасылкай на блізкіх нябожчыка.

Міхаіл Марыніч нарадзіўся 13 студзеня 1940 года ў вёсцы Старыя Галоўчыцы Петрыкаўскага раёну Гомельскай вобласці. Скончыў Беларускі політэхнічны інстытут, Менскі інстытут замежных моваў, Менскую вышэйшую партыйную школу. Ганаровы доктар эканамічных навук. Працаваў у будаўніцтве 16 гадоў, у тым ліку каля 3 гадоў – у Афганістане. З 1990 па 1991 – старшыня Менгарвыканкаму, у 1990-1994 гадах – дэпутат Вярхоўнага Савету 12-га склікання. У 1994 годзе прызначаны амбасадарам у Чэхіі і па сумяшчальніцтве – у Славакіі і Венгрыі. З 1994 па 1998 гады – міністр вонкаваэканамічных сувязяў Беларусі. У 1999-2001 гадах – пасол у Латвіі і па сумяшчальніцтву – у Эстоніі і Фінляндыі.

Спадар Марыніч напісаў заяву аб адстаўцы падчас прэзідэнцкай выбарчай кампаніі 2001 года, каб прыняць удзел у прэзідэнцкіх выбарах. Ён выбыў з перадвыбарнай гонкі пасля таго, як не набраў неабходнай колькасці подпісаў выбарнікаў і не быў зарэгістраваны ў якасці кандыдата.

Пасьля выбараў працягнуў палітычную дзейнасць. Узначаліў міжнародную грамадскую арганізацыю «Дзелавая ініцыятыва».

26 красавік 2004 года Міхаіл Марыніч быў арыштаваны. 30 снежня Менскі раённы суд прызнаў палітыка вінаватым у завалоданні аргтэхнікай амбасады ЗША, перададзенай у бязвыплатнае карыстанне асацыяцыі «Дзелавая ініцыятыва». Праз паўтары месяцы яму знізілі тэрмін пазбаўлення волі Міхаіла Марыніча з 5 да 3,5 гадоў, улічваючы яго ранейшыя заслугі перад дзяржавай, сталы ўзрост і стан здароўя.

7 сакавіка Міхаіл Марыніч перанёс інсульт у Аршанскай калоніі ўзмоцненага рэжыму, дзе яму не давалі перадаваць лекі. Толькі дзякуючы патрабаванням беларускай і міжнароднай грамадскасці, Марыніча перавялі ў рэспубліканскі турэмны шпіталь у Менску.

Заявы з патрабаваннем неадкладна вызваліць зняволенага прымаў таксама Еўрапейскі Звяз і Дзярждэпартамент ЗША. Уплывовая праваабарончая арганізацыя «Міжнародная амністыя» прызнала Міхаіла Марыніча вязнем сумлення. З турмы палітык выйшаў па амністыі ў красавіку 2008 года.

Міхаіл Марыніч падчас апошніх прэзідэнцкіх выбараў уваходзіў у ініцыятыўную групу Андрэя Саннікава.

МЯ, belsat.eu, паводле charter97.org

Стужка навінаў