Памёр Анатоль Капскі


На 53-м годзе жыцця пасля працяглай хваробы памёр старшыня праўлення футбольнага клубу БАТЭ Анатоль Капскі.

Пра гэта паведамляе выданне By.tribuna.com.

З 2005 года Анатоль Капскі таксама з’яўляўся дырэктарам заводу ААТ «БАТЭ».

У 20-гадовым узросце ў Анатоля Капскага знайшлі рак. Першы курс хіміятэрапіі ён прайшоў у 1987 годзе. У 2013 годзе ў Вільні старшыня праўлення ФК БАТЭ перанёс складаную аперацыю на сэрцы, пасля якой тры дні перабываў у коме.

Анатоль Капскі быў адным з ініцыятараў стварэння ў Барысаве футбольнага клубу, які заснавалі 12 красавіка 1996 года.

У 1999-м барысаўцы ўпершыню заваявалі залатыя медалі чэмпіянату Беларусі. На рахунку БАТЭ – 14 чэмпіёнскіх тытулаў. У 2008-м барысаўскі клуб упершыню выйшаў у групавы раўнд Лігі чэмпіёнаў – пасля яшчэ чатыры разы БАТЭ даходзіў да гэтай стадыі прэстыжнага турніру. Усе гучныя перамогі і дасягненні клубу звязаныя з імем Анатоля Капскага.

ФК «Тарпеда» (Менск) паведаміў на сваіх акаўнтах у сацсетках аб адмене матчу супраць БАТЭ, які меў адбыцца 24 верасня.

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў