Памёр амерыканскі сенатар Джон МакКейн. Ён падтрымліваў дэмакратычную Беларусь


У ЗША на 82-ім годзе жыцця памёр сенатар і кандыдат на прэзідэнцтва на выбарах 2008 года Джон МакКейн.

Джон МакКейн з’яўляўся адным з самых паважаных законатворцаў ЗША. Былы амбасадар ЗША ў Турцыі ды Іраку Джэймс Джэфры апісваў яго як патрыёта, бо палітык заўжды стараўся паводзіць сябе па сумленні і ў адпаведнасці з ідэаламі.

Джон МакКейн быў сенатарам на працягу больш за 30 гадоў, яго лічылі экспертам у пытаннях вонкавай палітыкі і абароны. Апошнія гады хварэў на рак мозгу.

Джон МакКейн ваяваў у В’етнаме. У 1967 годзе ягоны самалёт збілі в’етнамцы, да якіх МакКейн трапіў у палон на 5,5 гадоў.

В’етнамскі досвед не толькі сфармаваў погляды МакКейна на асаблівую ролю Амерыкі ў свеце, але і зрабіў яго рашучым прыхільнікам ідэі аб тым, што за гэтую асаблівую ролю часам трэба плаціць кроўю, адзначыў Джэймс Джэфры ў каментары «Deutsche Welle».

Сенатар уступаў у спрэчкі з амерыканскімі прэзідэнтамі, незалежна ад таго, якую яны партыю прадстаўлялі. Напрыклад, ён рэзка крытыкаваў рашэнне Оўбамы вывесці амерыканскія войскі з Іраку. Увогуле сенатар быў адным з найбольшых прыхільнікаў аперацыі ў Іраку. У гэтай краіне ў 2007 годзе служыў і сын МакКейна Джэймс, які таксама стаў вайскоўцам.

Джон МакКейн быў вядомы сваім рэзкім стаўленнем да расейскай вонкавай палітыкі. Сустрэчу Трампа і Пуціна, якая нядаўна адбылася ў Хельсінкі, МакКейн назваў «трагічнай памылкай».

«Пуцін – вораг Амерыкі. Не таму, што мы гэтага захацелі, а таму, што ён сам прыняў такое рашэнне. Ён вырашыў уварвацца ва Украіну і акупаваць Крым. Ён вырашыў дапамагчы рэжыму Асада ў знішчэнні сірыйскага народу. Ён вырашыў умяшацца ў выбары ў Амерыцы і падарваць дэмакратычныя інстытуты ва ўсім свеце і ў самой Расеі», – заявіў сенатар.

Падтрымліваў дэмакратычную Беларусь

Не аднойчы амерыканскі сенатар выказваўся ў падтрымку дэмакратычнай будучыні Беларусі. У канцы 2016 года ў Вільні ён сустрэўся з беларускімі апазіцыянерамі. У адказ на пытанне «Белсату» Джон МакКейн тады пракаментаваў і дачыненні паміж афіцыйнымі Менскам ды Масквой:

«Мы чуем, што паміж Пуціным і Лукашэнкам разлад, што яны не любяць адзін аднаго, і не супрацоўнічаюць у тым памеры, як гэта было раней. Я канешне, тут не самы кампетэнтны, але думаю, што беларусы заслугоўваюць на нешта значна большае, чым тое, што маюць сёння».

Сюжэт «Белсату» пра візіт МакКейна ў Вільню

НМ, belsat.eu, фотаздымак Brian Snyder/ Forum

Стужка навінаў