Памёр Аляксандр Курловіч – легендарны беларускі цяжкаатлет, які ўсталяваў 12 сусветных рэкордаў


У двухразовага алімпійскага чэмпіёна і чатырохразовага чэмпіёна свету здарыўся сардэчны прыступ. Лекары «хуткай дапамогі» не паспелі ўратаваць спартоўца.

6 красавіка ў Горадні памёр Аляксандр Курловіч – увасабленне беларускай і цяжкай атлетыкі на працягу доўгіх гадоў. Яму было 56.

Ён вяртаўся з золатам з Алімпіядаў у Сеуле ў 1988-м і Барсэлоне ў 1992-м, а таксама з чэмпіянатаў свету ў Астраве (1987), Афінах (1989), Данаўшынгене (1991) і Стамбуле (1994). Чэмпіён Еўропы 1989-га і 1990-га гадоў.

За ўклад у развіццё цяжкай атлетыкі Аляксандр Курловіч атрымаў Залаты ордэн ад Еўрапейскай федэрацыі. Родная Горадня надала спартоўцу званне ганаровага грамадзяніна гораду.

Пасля заканчэння спартовай кар’еры Курловіч стаў суддзём, прайшоў усе прыступкі спартыўнай іерархіі, стаў чальцом тэхнічнага камітэту Міжнароднай федэрацыі цяжкай атлетыкі і выканаўчага камітэту Еўрапейскай федэрацыі. Высокая пасада дапамагала Курловічу адстойваць інтарэсы беларускага спорту на міжнародным узроўні.

У апошнія гады Курловіч быў чальцом Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу і спартовым функцыянерам у Горадні.

«Беларусь сёння» адзначае, што ён да канца жыцця захоўваў волатаўскую постаць і атлетычную фігуру.

ДД

Стужка навінаў