Памёр Аляксандр Кулінковіч


Пра смерць музыкі паведаміла ягоная пляменніца.

«Не стала майго дзядзі Сашы… Ён столькі разоў сыходзіў ад смерці,напісала Кацярына Пацёмкіна. – У «Нейра Дзюбель» няма больш саліста».

«Аляксандр Кулінковіч памёр сёння, 4 жніўня паміж 8-ай і 9-ай раніцы», – паведаміў парталу «TuzinFM» дзяжурны доктар 3-й клінічнай больніцы Менску Аляксандр Пагарэлец.

Аляксандр Кулінковіч нарадзіўся ў Смалявічах у 1972-м. Калі яму было пяць, сям’я пераехала ў Менск. Кулінковіч скончыў ПТВ № 23 па спецыяльнасці «сантэхнік», паўгода вучыўся на журфаку БДУ. Ўплыў на ягоную творчасць аказалі «Sex Pistols», «Dead Kennedys», «Rammstein», «Motorhead», Пётр Мамонаў («Звуки Му»), Аляксандр Башлачоў, «Ноль», «Аукцыон», «Ва-БанкЪ», «НОМ» і многія іншыя калектывы.

«Асноўныя захапленні – словы і музыка, ні таму, ні іншаму толкам не вучыўся», – распавядаў пра сябе Кулінковіч.

У 1989 годзе музыка заснаваў калектыў «Нейра Дзюбель», які стаў адным з самых знакавых сучасных беларускіх рок-гуртоў.

Выступаў пад творчым псеўданімам «Куллінковіч» (з двайным «л»). Ягоныя найбольш вядомыя кампазіцыі: «Каникулы с Чиччолиной», «Петрова, подай воды», «Резиновый дом», «Охотник и сайгак», «Переехало комбайном», «Ворсинки и катышки», «Гузік».

Да 2003–2004 гадоў пісаў песні пераважна па-расейску, пасля – у асноўным на беларускай.

У 2012-м зайграў ролю кабельніка Мікалая Чапаева ў моладзевым серыяле «Вышэй за неба».

У 2015-м выканаў галоўную ролю ў сіткоме Андрэя Курэйчыка «ГараШ», які стаў першым незалежным фільмам, што трапіў у пракат па ўсёй Беларусі.

Быў сталым аўтарам газеты «Беларусь Сегодня». Ягоныя фельетоны можна пачытаць тут.

Рэдакцыя «Белсату» выказвае спачуванні сям’і і сябрам Аляксандра.

ДД

Стужка навінаў