Пампуй кнігу «Герб і Сцяг» бясплатна!


На свята нацыянальнай сімволікі мы алічбавалі культавае выданне пра беларускія нацыянальныя сімвалы і дзелімся ім з вамі.

«Ёсць легенда пра тое, як узнік наш сцяг. Быццам жыў у Беларусі разумны і мужны князь, якога шанаваў народ і баяліся ворагі. Калі ж нападалі чужынцы – смела ішоў у бой, сам ваяваў ды іншымі камандаваў так, што непрыяцель у жаху ўцякаў. Ды неяк у сечы князя паранілі: чужы рыцар мячом рассек яму лоб. Верныя сябры вынеслі князя з поля бітвы і перавязалі рану белай хусцінкай». Усе беларусы ведаюць гэтую гісторыю, але не ўсе памятаюць адкуль.

Большасць з нас упершыню чытала яе ў кнізе Вінцука Вячоркі «Герб і Сцяг», якую праілюстраваў Пётр Драчоў.

«Мы беларусы, наша краіна – Беларусь. Народаў і краін у свеце шмат. У Швецыі жывуць шведы, у Польшчы – палякі, у Расеі – расейцы. Кожная краіна, кожны народ адрозніваецца ад іншых: моваю, звычаямі, вопраткай, выглядам. Кожны народ і краіна маюць свае знакі», – гэткімі словамі распачыналася легендарнае выданне.

Кніга выйшла ў 1993-м у выдавецтве «Беларусь» накладам у 90 тыс. асобнікаў і з таго часу не перавыдавалася. Таму цяпер «Герб і Сцяг» – бібліяграфічная рэдкасць. Мы лічым несправядлівай сітуацыю, калі гісторыю пра рыцараў у цяжкіх жалезных латах, якія малявалі знакі свайго роду на шчытах, могуць прачытаць не ўсе.

Таму сёння, на 25-годдзе надання «Пагоні» і бел-чырвона-беламу сцягу статусу дзяржаўных сімвалаў, «Белсат» прапаноўвае бясплатна спампаваць кнігу ў фармаце.pdf

Пампуй і дасылай спасылку сябрам!

Стужка навінаў