Памочнік Лукашэнкі: Беларусы павінны плаціць 100 % за камуналку


Уладзімір Карпяк

«Краіне неабходна выходзіць на стоадсоткавую аплату насельніцтвам жыллёва-камунальных паслугаў. Але абавязковая ўмова – рост рэальных даходаў грамадзянаў», – цытуе Уладзіміра Карпяка, агенцтва minsknews.by.

Ацяпленне – самы значны артыкул расходаў у «жыроўцы». Прычым чвэрць выдаткаў на ацяпленне – субсідыі дзяржавы, кажа чыноўнік.

«У Менску 10 % сістэмаў ацяплення ў кватэрах абсталяваныя прыборамі ўліку, але не ўсе спажыўцы разлічваюцца згодна з паказаннямі лічыльнікаў. У новабудоўлях на кожным радыятары стаіць рэгулятар цяпла, можна, сыходзячы на ​​працу або з’язджаючы на ​​некалькі дзён, паставіць яго на мінімум, як гэта робяць жыхары шэрагу еўрапейскіх краінаў. Але ў сталіцы нямала і старых дамоў, дзе няма тэхнічнай магчымасці ўсталяваць прыборы ўліку і рэгулявання цяпла», – адзначае Карпяк.

Адмова ад дзяржаўных субсідыяў на ацяпленне паўплывае на выдаткі заможных беларусаў – тых, хто жыве ў вялікіх кватэрах. «Трэба забяспечыць рост дабрабыту насельніцтва, каб кожны аплочваў у поўным абʼёме спажытыя рэсурсы. Тады дзяржава не будзе субсідаваць багатых, а будзе аказваць адраснае падтрыманне тым, хто сапраўды ў ёй мае патрэбу», – упэўнены чыноўнік.

У кастрычніку 2017 года віцэ-прэмʼер Уладзімір Сямашка заявіў, што беларусы аплочваюць 16,8 % ад сабекошту ацяплення.

ЮВ, belsat.eu, паводле minsknews.by

Глядзі таксама
Каментары