Воранаўскі раён. Памежнікі даганялі кантрабандыстаў, страляючы па колах


Пасля таго, як у аўце былі прабітыя колы, кантрабандысты вырашылі збегчы ў лес.

Увечары 26 красавіка ў Воранаўскім раёне лідскі памежны нарад спрабаваў спыніць для праверкі дакументаў мікрааўтобус УАЗ.

Кіроўца замест таго, каб спыніцца, пачаў уцякаць. Памежнікі распачалі пераслед. Калі яны зблізіліся з аўтам, то зрабілі спробу прыціснуць яе да абочыны, але кіроўца ўазу пачаў тараніць машыну памежнікаў. Тыя ўжылі зброю: спачатку зрабілі стрэлы ў паветра, потым па колах. Толькі пасля гэтага машына спынілася ў полі ў раёне аўтадарогі Павіланцы – Парадунь.

Здарэнне адбылося ў некалькіх кіламетрах ад літоўскае мяжы.

З уазіку выскачылі невядомыя ў масках і спрабавалі схавацца ў лесе. Памежнікі распачалі пошукі і затрымалі двух жыхароў Воранаўскага раёну. У салоне кінутага імі аўта памежнікі знайшлі 30 скрыняў беларускіх цыгарэтаў, падрыхтаваных да перапраўцы праз мяжу.

Прэсавая служба памежнага камітэту падае, што цыгарэты канфіскавалі, а ў дачыненні да парушальнікаў распачаты адміністрацыйны працэс паводле артыкулу 23.4 КаАП (непадпарадкаванне патрабаванню службовай асобы дзяржаўнага органа). Ім пагражае штраф у памеры ад 20 да 50 базавых (ад Br 460 да 1150) або адміністрацыйны арышт.

ДД; фота: Памежны камітэт

Стужка навінаў