Памежнікі распавялі, як найчасцей парушалі мяжу на выходных


За апошнія тры дні памежнікі прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне рэжыму дзяржаўнай мяжы 25 чалавек. Усе яны прад’явілі несапраўдныя дакументы.

Сярод парушальнікаў – грамадзяне Расеі, Арменіі, Малдовы і Украіны, але бальшыня з іх – нашыя суайчыннікі.

Прэсавая служба Памежнага камітэту падае, што падчас кантролю выявілася, што ўсе парушэнні звязаныя са станам дакументаў. Пашпарты былі ў трухлявым стане, вільготныя, з вырванымі старонкамі (у некаторых яны былі ўклееныя ізноў самастойна) і проста пратэрмінаваныя. Некаторыя спрабавалі прайсці праз мяжу з пашпартам, які значыўся ў базе як згублены або скрадзены.

З нядзейным пашпартам памежнікі не толькі не прапусцяць праз мяжу, але і могуць даць штраф. Максімальнае пакаранне – да Br 1225.

ДД

Стужка навінаў