Памежнікі: Георгіеўская стужка – сімвал барацьбы з фашызмам


Машына берасцейскіх памежнікаў з гэтак званай георгіеўскай стужкай у салоне. Фота – Алесь Ляўчук/«Белсат»

Берасцеец убачыў у цэнтры гораду ваенны аўтамабіля з георгіеўскай стужкай у салоне і звярнуўся ў Міністэрстве абароны са скаргай.

Адказ на зварот прыйшоў з берасцейскай памежнай часткі 2187. Яе камандзір Ігар Гутнік лічыць, што гэтая стужка называецца «гвардзейскай», а ў салоне аўтамабіля яна з’явілася «ў гонар святкавання 73-й гадавіны Перамогі ў Вялікай айчыннай вайне, як сімвал салідарнасці ўсяго прагрэсіўнага чалавецтва ў барацьбе з фашызмам».

Таксама начальнік Берасцейскай Чырванасцяжнай пагранічнай групы імя Дзяржынскага лічыць, што дадзеная стужка не мае ніякага дачынення да падзеяў у Данецкай і Луганскай вобласці Украіны. З адказу не стала зразумела, ці георгіеўская стужка засталася ў службовым аўтамабілі беларускай арміі.

Нагадаем, што памаранчава-чорную стужку, якую ў Расеі называюць «георгіеўскай», пачалі пазбягаць у Беларусі на дзяржаўным узроўні праз год пасля таго, як яна фактычна зрабілася сімвалам расейскіх акупантаў і прарасейскіх сепаратыстаў ва Украіне.

Непасрэдна забараняць яе не сталі, але прапанавалі альтэрнатыву: стужку колераў дзяржаўнага сцяга з кветкаю яблыні, якая павінна сімвалізаваць травень, калі здабылі перамогу над фашысцкаю Нямеччынаю.

Артыкул 194 Правілаў дарожнага руху Беларусі забараняе ўдзел у дарожным руху транспартнага сродку з налепкамі і абʼектамі, які мяшаюць агляду. Да такіх можна аднесці стужкі і любыя сцягі. Такога кіроўцу могуць прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці.Таксама падобныя рэчы забараняе рабіць артыкул 18.12 КаАП РБ.

СА

Стужка навінаў