Памежнікі абвяргаюць заяву Лукашэнкі аб патоку зброі з Украіны. Усё наадварот


Мяжа з Беларуссю надзейна ахоўваецца і Дзяржаўная памежная служба Украіны не зафіксавала «істотных патокаў вывазу зброі», піша ukrinform.ru.

Пра гэта інтэрнэт-выданню паведаміў памочнік старшыні памежнай службы Украіны Алег Слабадзян. Пра «паток» зброі з Украіны ў Беларусь заявіў Аляксандр Лукашэнка. 17 лістапада кіраўнік Беларусі сустрэўся з прадстаўнікамі расейскіх медыяў.

«Мы грудзьмі закрываем 1200 кіламетраў мяжы з Украінай, таму што патокам ідзе зброя, выбухоўка. Мы іх ужо затрымліваем не толькі на мяжы, але і на чыгуначным вакзале. Нам вельмі няпроста», – заявіў Лукашэнка і дадаў, што патрэбныя вялікія намаганні і выдаткі, каб утрымліваць бяспеку на ўкраінскай мяжы.

Прадстаўнік украінскай памежнай службы абверг заяву Аляксандра Лукашэнкі.

«Мы не фіксуем на дадзены момант істотных патокаў вывазу зброі з Украіны. Адзінкавыя выпадкі здараюцца, але казаць пра тое, што існуе нейкі стабільны трафік або цэлыя каналы, падстаў няма. Словы прэзідэнта суседняй дзяржавы я не магу каментаваць, але сітуацыя не мае такога маштабнага характару, як гаворыцца ў заяве», – падкрэсліў Алег Слабадзян.

Украінскі чыноўнік таксама спаслаўся на статыстыку памежнай службы. Паводле яго, за 9 месяцаў на беларускай мяжы памежнікі затрымалі 49 адзінак зброі. 28 адзінак – з Беларусі на ўездзе ва Украіну і 21 – на выездзе з Украіны. Гэта значыць, растлумачыў Слабадзян, з Беларусі ўвозілася больш зброі, чымся вывозілася з Украіны. Таксама было канфіскавана 242 боепрыпасы і 0,5 кг выбухоўкі, якую ўвозілі ва Украіну з Беларусі.

Паводле прадстаўніка беларускага памежнага камітэту Аляксандра Цішчанкі, з Украіны вязуць галоўным чынам паляўнічую зброю ды патроны.

ЮВ, belsat.eu, паводле ukrinform.ru

Стужка навінаў