Памерла маці Міхася Жызнеўскага. Дачка: «Яе дрэнна абследавалі»


Маці беларуса, героя Украіны, быў 61 год.

Ніна Жызнеўская памерла ў шпіталі інвалідаў вайны, распавяла belsat.eu ейная дачка Наталля. Напярэдадні Ніну Васільеўну забралі на «хуткай» – яна вельмі моцна хварэла, тэмпература ў яе з 36,6 да 40 паднялася за паўгадзіны. Наталля Жызнеўская кажа, што ў больніцы Ніну Васільеўну дрэнна абследавалі.

«Яе паклалі ў неўралогію. Я паехала паспаць, вярнулася, запытала, які дыягназ. А яны кажуць, што дрэнна яе абследавалі, заўтра абследуюць, бо цяпер шмат пацыентаў. А сёння яны тэлефануюць і кажуць «прабачце». Вось так у нас ставяцца да хворых людзей».

8 красавіка не стала і мужа Ніны Жызнеўскай, 73-гадовага Міхаіла Жызнеўскага. Апошні час ён скардзіўся на сардэчны боль, у яго быў павышаны крывяны ціск. Пахавалі яго побач з сынам у вёсцы Сцяг Працы пад Гомлем. Там жа пахаваюць і Ніну Васільеўну. Дата і гадзіна пахавання будзе вядомая пазней.

Міхась Жызнеўскі-малодшы – удзельнік Еўрамайдану. Загінуў 22 студзеня 2014 года ў выніку сутыкненняў з праваахоўнікамі на вуліцы Грушэўскага ў Кіеве ўва ўзросце 25 гадоў. Паводле афіцыйнай версіі, прычынай смерці беларуса сталі агнястрэльныя раненні. Герой Нябеснай сотні. Пахаваны 28 студзеня на могілках у вёсцы Сцяг Працы (Абрэзы), што на Гомельшчыне.

Бацькі Міхася заўсёды падкрэслівалі, што іх сын загінуў не толькі за свабоду Украіны, але і Беларусі. Кабінет міністраў Украіны прызначыў Ніне і Міхаілу Жызнеўскім пажыццёвую стыпендыю.

«Белсат» выказвае шчырыя спачуванні родным і блізкім памерлай.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў