Памерла Ганна Вольская. Ёй было 40 гадоў


Ганна і Лявон Вольскія. Фота nn.by

23 сакавіка ад анкалагічнай хваробы пайшла з жыцця выканаўчая прадзюсарка «Белсату» Ганна Вольская, жонка вядомага беларускага музыкі Лявона Вольскага.

Пра гэта паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Ганна Вольская нарадзілася 11 чэрвеня 1975 года. Скончыла Інстытут культуры. У 1995-1996 гадах працавала ў рэкламным аддзеле «Радыё 101.2», дзе і пазнаёмілася з будучым мужам Лявонам Вольскім. У шлюбе ў іх нарадзілася дачка Адэля, якой сёння споўнілася 18 гадоў.

Ганна пэўны час была дырэктарам гурта N.R.M., з’яўлялася нязменным прадзюсарам музычнага праекту «Крамбамбуля» і сольных альбомаў Лявона Вольскага, выступала суаўтаркай сцэнару, прадзюсарам і нават акторкай у некалькіх праектах для тэлеканалу «Белсат». Да прыкладу, спадарыня Ганна прадзюсавала 67 выданняў праекту на гістарычную тэматыку «Назад у будучыню». Яна спрычынілася да стварэння навагодніх канцэртаў «Бывай, Зямля!», «Снежны завулак, 10», «Снежны завулак, 9».

Развітанне з Ганнай Вольскай адбудзецца 24 сакавіка (ад 11:00 да 13:00) ў Свята-Елісавецінскім манастыры на ўскраіне Менску на вул. Выгоцкага 6. Пахаванне Ганны Вольскай адбудзецца ў Заслаўі.

«Белсат» выказвае глыбокія спачуванні родным і блізкім памерлай.

МЯ, baj.by

Глядзі таксама
Каментары