Памерла актрыса Святлана Мулявіна-Пенкіна – удава Уладзіміра Мулявіна


Пра смерць удавы заснавальніка легендарнага ансамбля «Песняры» Уладзіміра Мулявіна стала вядома 20 кастрычніка.

Мулявіна-Пенкіна працавала ў Белдзяржфілармоніі. Цягам некалькіх дзён яна не выходзіла на працу і не адказвала на тэлефанаванні. Калегі і сын пачалі шукаць жанчыну і знайшлі яе мёртвай на арандаванай кватэры, дзе яна апошнім часам жыла. Дакладная дата і прычына смерці пакуль не вядомыя.

Святлана Пенкіна нарадзілася 6 чэрвеня 1951 года, скончыла Менскі тэатральна-мастацкі інстытут. Стала вядомай як актрыса дзякуючы савецкаму серыялу «Хаджэнне па муках». У 1981 годзе знялася ў фільме «Беражыце жанчын», у якім грала адну з галоўных роляў.

У тым жа годзе Святлана Пенкіна выйшла замуж за Уладзіміра Мулявіна, праз год у сям’і нарадзіўся сын Валерый. Пазней актрыса знялася яшчэ ў двух фільмах у эпізадычных ролях і завяршыла кар’еру.

Пасля смерці Уладзіміра Мулявіна ў 2003 годзе ў Белдзяржфілармоніі быў створаны музей заснавальніка «Песняроў», дырэктарам якога былы Святлана Мулявіна-Пенкіна.

ЮВ, belsat.eu, паводле belapan.by, nn.by

Стужка навінаў