Паўлюк Быкоўскі: Расея не бачыць альтэрнатывы Лукашэнку на выбарах


Прысягнуў у вернасці Саюзнай дзяржаве і атрымаў падтрыманне Пуціна на выбарах. Аляксандр Лукашэнка наведаў форум рэгіёнаў Расеі ды Беларусі ў Сочы, дзе правёў перамовы з расейскім калегам. Эксперты аднак задаюцца пытаннем, колькі будзе каштаваць цёплыя слову кіраўніка Расеі.

Уладзімір Пуцін пажадаў кіраўніку Беларусі поспеху на выбарах. І гэта хіба найважнейшая заява для Аляксандра Лукашэнкі, якая публічна прагучала падчас Форуму рэгіёнаў Расеі і Беларусі. На афіцыйнай частцы сустрэчы прэзідэнт Расеі адзначыў, што найбліжэйшым часам будзе рабіцца стаўка на вайсковыя тэхналогіі, і тут можа быць запатрабаваны беларускі досвед.

Урад РФ падрыхтаваў праграму імпартазамяшчэння практычна ва ўсіх галінах, будуць запушчаныя 2 з паловаю тысячы праектаў. Пры гэтым я хачу заўважыць, гаворка ідзе найперш пра найбольш важныя тэхналогіі, тэхналогіі двайнога прызначэння.

Кіраўнік Беларусі ў традыцыйнай для сябе манеры запэўніў саюзніка, што ніякага развароту Беларусі ад Расеі не прадбачыцца. Паводле назіральнікаў, Масква не будзе замінаць размарожванню беларуска-еўрапейскіх стасункаў.

Уладзімір Мацкевіч, палітычны аглядальнік:

«Крэмль дазваляе гульні з Еўразвязам, але за гэта патрабуе стратэгічных саступак, тая ж ваенная база і наагул большая частка саступак, якіх патрабуе Пуцін, яны тычацца ваенных дачыненняў».

Суразмоўцы «Белсату» звяртаюць увагу на тое, што ў доларавым эквіваленце таваразварот паміж краінамі знізіўся, і ў такой сітуацыі і Менск, і Масква зацікаўленыя прынамсі ў падтрыманні на словах.

Паўлюк Быкоўскі, палітычны аглядальнік:

«Расея не бачыць іншай альтэрнатыўнай фігуры, але з другога боку, мы памятаем, калі Расея гэта рабіла ў апошні момант, выбіўшы сабе ўжо саступкі».

Нягледзячы на аптымізм і заявы пра тое, што з расейскімі рэгіёнамі Беларусь мае наўпроставыя эканамічныя сувязі, свой выступ перад удзельнікамі Форуму Лукашэнка падсумаваў заяваю, што ў Еўразійскага эканамічнага саюзу – даволі сурёзныя праблемы.

АН, «Белсат»

Стужка навінаў