Паляванне на «Эхо»


Расейскі цэнтр па барацьбе з экстрэмізмам шукае зварот нябожчыцы Навадворскай да лідара «Правага сектару» на сайце радыёстанцыі.

Падраздзяленне МУС РФ звяртаецца да кіраўніцтва «Эхо Москвы» з просьбай паведаміць, ці не публікаваўся на сайце радыёстанцыі «зварот Навадворскай да лідара ўкраінскіх фашыстаў Яраша» (кіраўнік украінскай палітычнай партыі «Правы сектар» – belsat.eu).

[vc_single_image image=”1″ img_size=”large”]

«У сакавіку тэкст быў апублікаваны. Калі б Цэнтр па барацьбе з экстрэмізмам пацікавіўся б сайтам «Эхо Москвы», яны ці Раскамнагляд (федэральная служба па наглядзе ў галіне масавых камунікацыяў – belsat.eu), ці МНС, ці хтосьці яшчэ звярнулі б увагу. Ніхто тады не пацікавіўся. Тэкст апублікаваны на сайце. Ад нас не патрабавалі яго выдаляць», – запэўнівае «РБК» галоўны рэдактар «Эхо Москвы» Аляксей Венедыктаў.

Аднак публікацыі за 18 сакавіка 2014 г., пра якую вядзецца размова ў прэтэнзіі ведамства, на сайце радыёстанцыі няма. «Крамольны» зварот расейскай праваабаронцы няцяжка знайсці на «Youtube».

Расейскія праваахоўнікі ціснуць на «Эхо» з розных бакоў і патрабуюць ад радыёстанцыі дакументаў, якія пацвярджаюць рэгістрацыю яе старонкі ў якасці СМІ, – паведамляецца на сайце «Еcho.msk.ru». У сваім «Twitterы» галоўны рэдактар радыёстанцыі называе патрабаванні расейскіх чыноўнікаў «наездамі».

31 кастрычніка Раскамнагляд вынес радыёстанцыі папярэджанне за выхад у эфір праграмы «Своими глазами», у якой паводле чыноўнікаў апраўдваліся вайсковыя злачынствы на ўсходзе Украіны. Перадачу пра баі за данецкі аэрапорт пакуль яшчэ можна паслухаць на старонцы радыёстанцыі. Або чытайце стэнаграму тут.

На пачатку 2014 г. на «Эхо Москвы» змяніўся генеральны дырэктар. Пасаду Юрыя Федуцінага, які адпрацаваў на радыёстанцыі 20 гадоў, заняла Кацярына Паўлава. Яе прапанавала дырэкцыя «Газпром-Медыя», якой належаць 66% акцыяў радыёкампаніі.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў