«Паляванне на дармаедаў»: старт праз месяц


У хуткім часе ў Беларусі з’явіцца забытая з савецкіх часоў адміністратыўная адказнасць за беспрацоўе. Падчас адмысловай нарады кіраўнік краіны загадаў чыноўнікам дапрацаваць дакумент дэкрэту цягам месяца.

Паводле дакументу, працаздольныя грамадзяне, якія цягам шасці месяцаў не выплочвалі падаткаў, будуць абавязаны раз на год выплочваць збор памерам 20 базавых велічыняў. За ўхіленне, нясвоечасовую або няпоўную выплату збору будзе прадугледжана адміністратыўная адказнасць.

Улады адносяць да дармаедаў ажно 400 тысяч асобаў. Што праўда, не з усіх будуць здымаць гэты збор. Плануецца стварыць спіс асобных катэгорыяў грамадзянаў, якіх вызваляць ад выплаты. Да такіх групаў будуць аднесеныя, напрыклад, непрацаздольныя, або тыя, хто выхоўвае дзяцей.

З ініцыятываю штрафаваць і караць беспрацоўных арыштам выступіла Міністэрства ўнутраных справаў. Пасля ўхвалення ідэі Аляксандрам Лукашэнкам адпаведны дэкрэт быў распрацаваны Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны.

Урадоўцы папярэджваюць таксама, што збор за дармаедства не легалізуе шэрага заробку ці бізнесу. Калі падатковая інспекцыя знойдзе факты таго, што асоба ўсе ж атрымлівала прыбытак, то супраць яе будуць ужытыя дадатковыя санкцыі.

Алег Ражкоў, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары