Палякі на Гарадзеншчыне пратэстуюць супраць фільму пра «бандытаў з Арміі Краёвай»

photo

Непрызнаны Саюз палякаў у Беларусі звернецца да польскага ўраду, каб паспрыяць забароне фільму «Сляды на вадзе».

На неадназначнасць новай кінастужкі «Беларусьфільму» яшчэ летась звярнуў увагу гарадзенскі журналіст Анджэй Пачобут. Фільм «Сляды на вадзе» здымаўся паводле раману палкоўніка ў адстаўцы Мікалая Ілінскага «Чужы сярод сваіх» і распавядае пра барацьбу НКВД з антыкамуністычным рухам на Гарадзеншчыне.

Паволе Саюзу палякаў у Беларусі, узнагароджаныя героі Арміі Краёвай – кавалер ордэна «Virtuti Militari» маёр Ян Піўнік пад псеўданімам Пануры і паручнік Чэслаў Заянчкоўскі – Рагнэр будуць паказаныя там у негатыўным святле. Выхад фільму плануецца ў сакавіку 2017 года і будзе прысвечаны… 100-ай гадавіне ўтварэння беларускай міліцыі.

img_8558
img_8553
img_8545

Выключна адмоўны вобраз Арміі Краёвай у фільме выклікаў абурэнне палякаў Гарадзеншчыны. Кіраўніцтва непрызнанага ўладамі Саюзу палякаў у Беларусі плануе звярнуцца са скаргай да польскага ўраду, каб польскі бок настойваў на забароне паказу гэтай стужкі.

«Гэта абраза для нас усіх, бо там не гаворыцца пра тое, што тыя жаўнеры АК змагаліся за сваю зямлю, засталіся вернымі словам «Бог, Гонар, Айчына». Вельмі шмат людзей, нашыя дзяды і прадзеды былі звязаныя з Арміяй Краёвай і сёння іхным унукам убіваецца ў галаву, што іхныя продкі былі бандыты. А не гаворыцца пра тое, што гэтыя жаўнеры ваявалі на сваіх тэрыторыях, што гэта «чужыя» прыйшлі на нашыя землі і «чужыя» забаранілі ўжываць польскую мову, польскую нацыянальнасць, масава вывозілі людзей у Сібір, забівалі ў Курапатах, дэпартавалі і трымалі ў сталінскіх лагерах. Пры гэтым створаць пазітыўны культ службоўцаў НКВД, якіх пакажуць як герояў. Гэта недапушчальная фальсіфікацыя гістарычных фактаў і свядомая непрыкрытая маніпуляцыя», –  каментуе сітуацыю кіраўніца непрызнанага Саюзу палякаў у Беларусі Анджэліка Борыс, якая мяркуе, што ў межах польска-беларускіх адносінаў мусіць быць узнята тэрміновая дыскусія.

img_8529
img_8530
img_8533

У найбліжэйшы час распачнецца збор подпісаў у Міністэрства адукацыі Беларусі, каб забараніць паказ стужкі ў Беларусі і таксама ўвесці змены ў падручніках па гісторыі для вучняў 10-га класу, дзе Армія Краёва згадваецца выключна ў святле тэрору ў дачыненні да грамадзянаў БССР.

«Раней пра гэта мы размаўлялі з настаўнікамі польскай мовы. Мы вучым дзяцей, возім іх па месцах памяці, дзе пахаваныя жаўнеры АК, жаўнеры, загінулыя ў польска-бальшавіцкай вайне і пры абароне Горадні ў 1939-ым. А нашая моладзь у сябе ў школах чытае, што тэрарысты з АК забілі столькі і столькі жыхароў БССР, што яны масава палілі і знішчалі вёскі. І паводле гэтых падручнікаў вучацца дзеці і моладзь у польскіх школах у Горадні, Ваўкавыску ды іншых школах па ўсёй Беларусі. Гэта частка нашай гісторыі і нельга заставацца абыякавым у стасунку да такой фальсіфікацыі. Калі мы будзем пераказваць гэтую хлусню нашым пакаленням, то чаго мы будзем чакаць? Ці будуць яны мець пашану да нас, да палякаў, да польскага народу?» – кажа Анджэліка Борыс.

ПВ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары