Палітзняволены з Гомлю пазбавіў прэміі пружанскіх міліцыянтаў і аб’явіў галадоўку


Юры Рубцоў пратэстуе супраць крымінальнай справы за ўхіленне ад пакарання на «хіміі». Паводле міліцыянтаў, палітзняволены адмовіўся ад працы.

Паводле Рубцова, яго хочуць пакараць за «разуменне розніцы паміж правам і абавязкам».

«Мяне хочуць пасадзіць за тое, што я крыху разумею розніцу паміж правам і абавязкам. Калі ў Канстытуцыі напісана аб праве на працу, то Выканаўчы кодэкс лічыць гэта абавязкам. Але калі гэта абавязак, то чаму міліцыянты не падпісваюць са мной дамову на працу і робяць з мяне вінаватага? Вось у іх прычына, што нібыта чатыры разы я адмовіўся ад працы. Але гэта цынізм, бо атрымліваецца, што я абавязаны працаваць, але мушу падпісаць дамову, што нібыта раблю гэта добраахвотна», – цытуе палітзняволенага радыё «Свабода».

Нагадаем, што нядаўна ў сацыяльныя сеткі трапілі фотаздымкі Юрыя Рубцова з татуіроўкай «Лукашенко уходи», якую ён зрабіў з нагоды Дня Волі. Паводле палітзняволенага, з-за татуіроўкі міліцыянтаў з Купліна, дзе ён адбывае пакаранне, пазбавілі прэміяў.

[vc_single_image image=”1″ img_size=”large”]

За кашулькі з надпісам «Лукашенко уходи» Юрыя Рубцова некалькі разоў судзілі.

6 кастрычніка 2014 г. гомельскі актывіст атрымаў два з паловай гады «хіміі» за абразу суддзі Кірыла Палулеха. Праваабаронцы адзначаюць, што рашэнне суду было палітычна матываванае.

Цяпер Юры Рубцоў знаходзіцца ў СІЗА ў Купліна. Палітвязню пагражае да 3-х гадоў зняволення.

ЮВ, belsat.eu, паводле svaboda.org

Стужка навінаў