Палітзняволенаму Арцёму Пракапенку адмовілі ў памілаванні


Арцём Пракапенка пабачыў адказ камісіі аб памілаванні, у якім была змешчаная адмова без тлумачэння прычынаў.

Пра гэта палітзняволены распавёў сваім сваякам, патэлефанаваўшы з магілёўскай калоніі, паведамляе сайт праваабарончага цэнтру «Вясна». Сам дакумент Арцёму не выдалі, толькі далі на кароткі час азнаёміцца.

Арцём Пракапенка падаў прашэнне пра памілаванне на імя кіраўніка краіны яшчэ ў лютым. Раней Аляксандр Лукашэенка заяўляў, што калі будзе просьба аб памілаванні, ён яе задаволіць.

Арцём Пракапенка знаходзіцца за кратамі з 17 студзеня 2011 года. Хлопец асуджаны на 7 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму судом Бабруйскага раёну і Бабруйску паводле ч.2 арт.339 Крымінальнага кодэксу (злоснае хуліганства) і ч.3 арт.218 (пашкоджанне маёмасці ў асабліва буйным памеры). Па гэтай жа справе праходзілі і Яўген Васьковіч і Павел Сырамалотаў.

Тэрмін зняволення Арцёма Пракапенкі заканчваецца 17 студзеня 2018 года. Закон аб амністыі на яго не распаўсюджваецца праз кваліфікацыю справы і статус «злоснага парушальніка рэжыму».

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў