Палітычныя памылкі Клінтан і ўзаемная нелюбоў з Лукашэнкам


Апошнія баі Гілары Клінтан за галасы выбарнікаў прайшлі ў Флорыдзе і Пенсільваніі. Фінал кампаніі адбыўся ў Філадэльфіі з удзелам сусветна вядомых музычных зорак. Каля сарака тысяч удзельнікаў выбарчага мітынгу пачулі апошнюю перадвыбарчую прамову былога дзяржаўнага сакратара ЗША.

«Падчас гэтых выбараў існуе выразны выбар – паміж нязгодаю ды адзінствам, паміж эканомікаю, якая працуе для ўсіх, і эканомікаю, якая працуе для тых, хто на версе, паміж устойлівым кіраўніцтвам і такім, якое можа паставіць пад пагрозу нашую бяспеку», – агітавала лідарка дэмакратычнай партыі.

Апошнія дні выбарчае гонкі былі напружаныя ды няпэўныя. Разрыў паміж супернікамі паступова змяншаўся. Паводле ранейшых даследаванняў, кандыдатка ад дэмакратаў трымала лідарства, між іншага, у штатах Мічыган, Вірджынія, Каларада і Пенсільванія.

На ейным баку рашуча стаіць дзейны гаспадар Белага дому Барак Оўбама, якія прымаў актыўны ўдзел у кампаніі Клінтан.

«Я перакананы, што Амерыка не абярэ палітыкі крыўды, а стане на баку палітыкі, якая лучыць і ўмацоўвае нас. Я перакананы, што вы адкінеце страх і абераце надзею», – даводзіў дзейны прэзідэнт ЗША.

Што абяцае Клінтан?

Выбар Клінтан на пасаду прэзідэнта можа азначаць працяг дзейнай палітыкі ЗША. Падчас выбарчай кампаніі гучалі абяцанні стварыць новыя працоўныя месцы, пераадолець няроўнасць прыбыткаў, павялічыць мінімальныя заробкі.

Ці зменіцца міжнародная палітыка ЗША?

Паводле назіральнікаў, Клінтан працягне пазіцыю адмовы ад адкрытага ўмяшання Амерыкі ў вонкавыя канфлікты ў свеце. Аднак не выключаюць, што яна можа заняць больш актыўную пазіцыю ў ролі глабальнага лідарства ЗША. І тут можа ўзнікнуць праблема будучых дачыненняў з Расеяй, якая змагаецца за ўплывы ў розных частках свету. Яшчэ на пасадзе дзяржаўнага сакратара ЗША Гілары Клінтан выступала за перазагрузку амерыканска-расейскіх дачыненняў.

Памылка на гузіку

Памылка на гузіку, які дарыла Клінтан Лаўрову, апынулася прарочаю. Замест перазагрузкі атрымалася перагрузка. Палітыка саступак распаліла апетыты Масквы. У адказ на расейскую агрэсію ва Украіне Вашынгтон мусіў перайсці да палітыкі санкцыяў.

Паводле назіральнікаў, у выпадку перамогі Гілары Клінтан такая пазіцыя не толькі захаваецца, але і ўзмацніцца.

Клінтан-Лукашэнка. Нелюбоў з першага погляду

Клінтан не самы прыемны сігнал і для афіцыйнага Менску. Раней Аляксандр Лукашэнка нават не дапускаў такой магчымасці.

«Уся ейная бяда ў тым, што амерыканскае грамадства не падышло да таго, каб абраць прэзідэнтам жанчыну. ЗША гэта імперыя», – упэўнены кіраўнік Беларусі.

У сваю чаргу Клінтан, яшчэ на пасадзе дзяржаўнага сакратара ЗША, выступала з востраю крытыкаю супраць парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі.

«Мы не можам маўчаць, калі ў такіх краінах, як Беларусь, жорстка парушаюцца правы грамадзянаў, а лідары апазіцыі трапляюць пад судовы пераслед. Мы ўсе разам патрабуем, каб улады Беларусі вызвалілі палітзняволеных і пачалі дэмакратычныя рэформы», – казала Клінтан.

Гэтыя словы прагучалі падчас сустрэчы Супольнасці дэмакратыі ў Вільні ў 2011-ым годзе. Клінтан сустракалася з былымі палітвязнямі, грамадскімі дзеячамі ды праваабаронцамі.

Ян Бабіцкі, «Белсат»

Стужка навінаў