Палітычны камітэт ПАРЕ абмяркуе сітуацыю па Беларусі


Дыскусію па сітуацыі ў Беларусі правядзе 24 студзеня палітычны камітэт Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы (ПАРЕ) у Страсбургу. 

Слуханні па Беларусі пачнуцца каля 10.30 менскага часу і працягнуцца дзве гадзіны.

Беларусь прадставяць два дэпутаты Палаты Прадстаўнікоў – старшыня камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ Андрэй Навумовіч і сябра Абʼяднанай грамадзянскай партыі Ганна Канапацкая. Асобы прадстаўнікоў Беларусі абмяркоўваліся на пасяджэнні савету Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу.

ПАРЕ складаецца з 318 дэпутатаў парламентаў 47 краінаў, якія ўваходзяць у састаў Савету Еўропы. Беларусь – адзіная еўрапейская дзяржава, якая не ўваходзіць у Савет Еўропы. Асноўная прычына – наяўнасць смяротнага пакарання ў нашай краіне.

Міжнародная канферэнцыя па праблеме адмены смяротнага пакарання, арганізаваная Саветам Еўропы ў супрацы з МЗС Беларусі, прайшла ў Менску 13 снежня 2016 года. На ​​ёй Андрэа Рыгоні, спецдакладчык ПАРЕ па Беларусі, заклікаў беларускія ўлады ўвесці часовы мараторый на смяротнае пакаранне.

«Давайце на год увядзем мараторый і паглядзім, як гэта ўплывае на сітуацыю. Давайце хаця б зробім першы крок, каб Беларусь змагла вярнуць статус спецыяльнага запрошанага. Думаю, што прыйшоў момант, калі Беларусь павінна нарэшце вырашыцца», – сказаў спецдакладчык ПАРЕ.

Дарэчы, Навумовіч узначальвае працоўную групу па пытанні смяротнага пакарання. Ганна Канапацкая выступіла з ініцыятывай па адмене дэкрэту № 3 «Аб сацыяльным утрыманстве».

ВД, паводле belapan.by

Стужка навінаў