Палітвязню Васьковічу першы раз за чатыры гады дазволілі спаткацца з маці


Палітычны зняволены Яўген Васьковіч, які ў канцы мінулага года перавялі з турмы ў калонію № 15 Магілёва, атрымаў першае за чатыры гады зняволення спатканне з маці, паведамляе праваабарончы сайт spring96.org.

«Бабулі Яўгена, Зоі Іванаўне, ужо цяжка выпраўляцца ў такую дарогу, таму я паехала адна, – распавяла Рушання Васьковіч. – Нас пасялілі ў асобным пакойчыку, быў час пра ўсё паразмаўляць. Вельмі добрыя там былі ўмовы. Бабуля перадала яму хатнія блінцы, якія Жэня так моцна любіць, агулам я прывезла яму шмат ежы. Але, на жаль, за содні ён усё з’есці не змог, бо адвык ад тлустай і сытнай ежы, а з сабой узяць рэшту яму было нельга. Канешне, сын выглядае схуднелым, але ён ніколі і не быў «вялікім». Кілаграмаў пяць ці нават больш скінуў».

Паводле слоў маці, сын у калоніі «старанна выконвае сваю працу і спадзяецца на датэрміновае вызваленне».

«Кажа, што ўжо лепей у яго пачало атрымлівацца шыць целагрэйкі. Канешне, на тое, што яго адпусцяць да выбараў, мы і не спадзяемся. Шмат чытае, калі ёсць вольны час, па магчымасці адказвае на лісты. Жэня вельмі ўдзячны ўсім за падтрымку, усіх абдымае! Кажа, як толькі вернецца дахаты, усіх сяброў збярэ і накрые для іх стол», – дадае Рушання Васьковіч.

Яўгена Васьковіча асудзілі разам з Арцёмам Пракапенкам і Паўлам Сырамолатавым за спробу падпалу ў ноч на 17 кастрычніка 2010 года будынку КДБ у Бабруйску, у які былі кінутыя бутэлькі з запальнай сумессю. За злоснае хуліганства (ч. 2 арт. 339 КК) і наўмыснае знішчэнне ці пашкоджанне маёмасці ў асабліва буйных памерах (ч. 3 арт. 218 КК), што ставілі хлопцу ў віну, Васьковіча пакаралі 7-мю гадамі пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Закрыты беларускімі ўладамі праваабарончы цэнтр «Вясна» лічыць Васьковіча палітвязнем. Пры гэтым праваабаронцы адзначаюць, што ў яго дзеяннях ёсць прыкметы парушэння права, але суд несправядліва кваліфікаваў яго дзеянні і вынес празмернае пакаранне.

26 лютага Васьковічу споўніцца 25 гадоў.

МЯ, паводле БелаПАН

Стужка навінаў