Палітвязня Паліенку адправілі ў штрафны ізалятар за адмову выйсці на прагулку


Актывіста анархісцкага руху, палітвязня Змітра Паліенку змясцілі у штрафны ізалятар на 7 содняў.

Пра гэта хлопец напісаў свайму сябру Вячаславу Касінераву.

«Далі 7 содняў ШІЗА (штрафны ізалятар. – Заўв. Belsat.eu): за тое, што павесіў прасціну на шкондар (у пер. з блатнога жаргону – ложак. – Заўв. Belsat.eu). І нібыта за тое, што не выйшаў на прагулку», – напісаў Паліенка на паштоўцы, адрасаванай сябру.

Як адзначыла ў размове з belsat.eu сяброўка палітвязня Марына Насенка, паштоўку Паліенка напісаў яшчэ 13 кастрычніка – то бок на дадзены момант ягоныя 7 содняў у ШІЗА ўжо прайшлі.

«Амаль кожныя два месяца Паліенку кідаюць у ШІЗА за нейкія мінімальныя, дробныя парушынні. На яго спрабуюць ціснуць як праз афіцыйныя правілы, так і праз турэмныя паняткі – напрыклад, калі яго хацелі прымусіць прыбіраць санвузел у камеры, хаця адміністрацыя калоніі выдатна ведае, што тыя, хто пагаджаецца прыбіраць «талчок», аўтаматычна становіцца «адсаджаным». Тое, што адбываецца – гэта ціск як на яго там, у турме, так і на ягоных паплечнікаў тут, на волі. Для ўладаў згадванне ягонага імя на акцыях салідарнасці – гэта як костка ў горле. Мы бачым, што і сення на Маршы абураных беларусаў людзі таксама выходзілі з партрэтамі Змітра», – распавяла Марына Насенка.

У жніўні Паліенку адправілі ў штрафны ізалятар за адмову мыць прыбіральню. Тады яго таксама пазбавілі магчымасці спаткацца з бацькамі.

У кастрычніку 2016-га Паліенку асудзілі на 2 гады зняволення з адтэрміноўкаю за нібыта напад на міліцыянта падчас роварнага прабегу «Крытычная маса», які прайшоў у Менску. Увесну гэтага году Паліенку зноў арыштавалі: суд скасаваў адтэрміноўку і адправіў Паліенку адбываць рэшту тэрміну ў Бабруйскую калонію.

Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International прызнала Паліенку вязнем сумлення.

ЮВ, ІІ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары