Палітвязня Мікалая Дзядка на 10 содняў адправілі ў штрафны ізалятар за адмову ад працы


Адвакат перадала родным палітзняволенага, што ў цэлым ён «выглядае нядрэнна», раны на руках і жываце гояцца.

Па словах Аляксандра Дзядка, бацькі палітвязня, 10 чэрвеня адміністрацыя папраўчай калоніі № 9 у Горках пакарала Мікалая 10 соднямі знаходжання ў штрафным ізалятары за адмову ад працы. Прычым Дзядка толькі 9 чэрвеня вызвалілі са штрафной камеры, падае партал naviny.by са спасылкай на БелаПАН.

Мікалай Дзядок распавёў у калоніі адвакату, што адмовіўся працаваць, паколькі ўмовы працы былі «здзеклівымі». Адміністрацыя папраўчай установы змясціла яго ў штрафны ізалятар да 19 чэрвеня.

«Яму прапанавалі працаваць за Br 5 тыс. у дзень пры досыць жорсткай норме, – сказаў бацька палітзняволенага. – Ён сказаў адвакату, што напісаў заяву, каб яму далі працу, якая адпавядае яго кваліфікацыі, адукацыі, з нармальнай аплатай і захаваннем Працоўнага кодэксу».

Мікалая Дзядка перавялі ў горацкую калонію 12 траўня, а ўжо на наступны дзень ён быў змешчаны на 5 содняў у штрафны ізалятар. 19 траўня яго зноў вярнулі туды, дзе ён пакутаваў ад холаду і прасіў перавесці яго ў іншую камеру, але беспаспяхова. У выніку 20 траўня, каб прыцягнуць увагу дзяжурных, малады чалавек парэзаў сабе рукі і жывот. Палітвязня змясцілі ў медчастку, але пасля аказання першай медычнай дапамогі вярнулі ў тое ж халоднае памяшканне ізалятару, дзе ён прабыў да 26 траўня. Затым Дзядка перавялі ў атрад і прызначылі яму працу. Ён адмовіўся, і 2 чэрвеня яго змясцілі ў ізалятар на 7 содняў.

Актывіста анархісцкага руху Мікалая Дзядка асудзілі ў 2010-ым на 4,5 гады зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму за нібыта хуліганства адносна афіцыйных будынкаў. Сваёй віны актывіст не прызнаў і адмовіўся падпісваць прашэнне аб памілаванні. У лістападзе 2014 года, за 3 месяцы да сканчэння тэрміну, на Мікалая Дзядка завялі новую крымінальную справу за «парушэнне рэжыму адбыцця пакарання». 26 лютага 2015 года суд працягнуў яго зняволенне на 1 год і 3 дні. Адбываць пакаранне палітвязня адправілі ў калонію № 9 у Горках (Магілёўская вобласць).

МЯ, паводле naviny.by

Стужка навінаў