Палітвязня Міхаіла Жамчужнага таемна перавялі ў калонію ў Горках


Адвакат палітвязня Жамчужнага прыехаў у Ваўкавыскую калонію, але свайго падабароннага там не знайшоў.

13 ліпеня адвакат Міхаіла Жамчужнага прыехаў да свайго падабароннага на планавае спатканне ў Папраўчую калонію N 11 у Ваўкавыску, дзе палітвязень утрымліваўся з красавіка бягучага года пасля пераводу з калоніі ў Навасадах.

Нечакана высветлілася, што Жамчужнага ў калоніі няма, перадае ПЦ «Вясна».

Прадстаўнік адміністрацыі паведаміў абаронцу, што з 10 ліпеня палітвязень пераведзены ў калонію №9, якая знаходзіцца ў Горках. Пры гэтым, прадстаўнік адміністрацыі не змог патлумачыць прычыны пераводу Жамчужнага, спаслаўшыся толькі на тое, што гэта распараджэнне Дэпартаменту выканання пакаранняў МУС.

З ягоных слоў стала таксама вядома, што Жамчужны пераведзены для пастаяннага адбыцця пакарання. Трэба дадаць, што калонія ПК-9 ў Горках сумна вядомая сваймі жорсткімі ўмовамі ўтрымання.

Бліжэйшым часам адвакат паспрабуе высветліць акалічнасці нечаканага пераводу палітвязня ў іншае месца адбыцця пакарання.

У ліпені 2015 года заснавальнік «Платформ Інавэйшн» Міхаіл Жамчужны быў асуджаны Віцебскім абласным судом на 6 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. 23 кастрычніка судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда разгледзела касацыйную скаргу і прызначыла Жамчужнаму больш строгае пакаранне – 6,5 гадоў пазбаўлення волі.

Акцыя салідарнасці з палітзняволенымі ў Менску, 7 ліпеня

Ён быў прызнаны вінаватым у здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных арт. 376 (часткі 1 і 2), ч.5 арт. 16, арт. 375 (частка 1) і арт. 431 (часткі 1 і 2): падбухторванні да наўмыснага разгалошвання звестак, якія складаюць службовую таямніцу; незаконным набыцці і збыце спецыяльнага тэхнічнага сродку, прызначанага для сакрэтнага атрымання інфармацыі, у тым ліку – паўторна; дачы хабару і дачы хабару паўторна.

Беларускія праваабаронцы прызналі Міхаіла Жамчужнага палітычным зняволеным.

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў