Палітвязень Эдуард Лобаў на волі пасля чатырох гадоў калоніі


Маладзён адбываў пакаранне ў папраўчай калоніі №22 у Івацэвічах, вядомай як «Ваўчыныя норы».

Каля Івацэвіцкай калоніі яго сустракалі каля дзясятка чалавек, у тым ліку адзін з лідараў «Маладога фронту», былы палітвязень Зміцер Дашкевіч, грамадская актывістка Вольга Нікалайчык, родныя, блізкія і журналісты, падае БелаПАН.

«Лобаў быў маласлоўны, паводзіў сябе скавана», – паведаміў «Белсату» адзін з тых, хто яго спатыкаў. Былы палітвязень аднак распавёў, што яму восенню 2011 года тры разы прапаноўвалі напісаць прашэнне аб памілаванні, але ён адмовіўся. Маладзён атрымаў у калоніі спецыяльнасць зваршчыка, але не працаваў, бо не плацілі.

Адносіны з іншымі вязнямі, паводле яго слоў, было нармальнымі. Лобаў адзначыў, што прыкладна палова зняволеных, з якімі ён быў знаёмы ў калоніі, падзялялі яго палітычныя погляды, а некаторыя прасілі пачытаць незалежную беларускую прэсу, якую Эдуарду дасылалі ў калонію.

Што тычыцца стаўлення адміністрацыі, то, па словах Лобава, яго «не прэсавалі». Усе пакаранні, накладзеныя на яго ў калоніі, былі заслужанымі, прызнаў актывіст.

Па словах Лобава, у яго пакуль няма планаў на будучыню. «Думаю, чым займаўся, тым і буду займацца», – сказаў ён, дадаўшы, што не выключае свайго вяртання ў грамадска-палітычнае жыццё. Думкі з’ехаць за мяжу ў Эдуарда пакуль няма, жыць ён плануе ў Менску.

Эдуард – актывіст «Маладога Фронту». Нядаўна хлопец адзначыў свой 26-ы дзень народзінаў. Нарадзіўся ён у Вільні 1 снежня 1988 году. Пасля войска, дзе служыў дэсантнікам, Эдуард далучыўся да «Маладога Фронту» і хутка стаў кіраўніком Менскай гарадской арганізацыі.

Арыштавалі Эдуарда разам са Змітром Дашкевічам 18 снежня 2010 года. Абодвух абвінавацілі ў тым, што яны нібыта збілі двух мінакоў. Дашкевіча тады асудзілі на два гады пазбаўлення волі, Лобава – на чатыры гады паводле часткі 3 артыкула 339 Крымінальнага кодэксу – «асабліва зацятае хуліганства».

Праваабаронцы і міжнародная супольнасць расцанілі затрыманне як прэвентыўную захаду напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, што адбыліся 19 снежня 2010 года. Абодва маладзёны былі прызнаныя палітычнымі зняволенымі.

У Беларусі за кратамі застаюцца пяць палітвязняў. Сярод іх – кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 году Мікалай Статкевіч, і чацвёра актывістаў – Мікалай Дзядок, Ігар Аліневіч, Яўген Васьковіч, Арцём Пракапенка.

ДБ, belsat.eu

Стужка навінаў