Паліцыя Берліну магла затрымаць «не таго чалавека» пасля тэракту

video

https://www.youtube.com/watch?v=JscUvPozXSg

У паліцыі Берліну сумняюцца, што арыштаваны выхадзец з Пакістану зʼяўляецца кіроўцам цяжкавіка, які ўрэзаўся ў натоўп на калядным рынку. Праваахоўныя органы заклікалі грамадзянаў да пільнасці.

Адзін з кіраўнікоў паліцыі Берліну Клаўс Кандт заявіў, што праваахоўныя органы не ўпэўненыя ў тым, што яны арыштавалі кіроўцу цяжкавіка, які ўрэзаўся ў натоўп людзей на калядным рынку ў Берліне, паведамляе «Reuters».

«Наколькі я ведаю, застаецца незразумелым, ці сапраўды гэта быў кіроўца», – сказаў прадстаўнік паліцыі.

Пазней пра гэта таксама заявілі ў пракуратуры Нямеччыны. У ведамстве дадалі, што застаецца невядомым, ці былі саўдзельнікі ў кіроўцы, які ўрэзаўся ў натоўп на цяжкавіку.

Раней газета «Die Welt» са спасылкай на крыніцы паведаміла, што, на думку МУС Нямеччыны, арыштаваны па падазрэнні ў нападзе ў Берліне выхадзец з Пакістану не зʼяўляецца сапраўдным выканаўцам.

«У нас не той чалавек, і гэта новая сітуацыя. Сапраўдны злачынца ўсё яшчэ ўзброены і можа яшчэ нашкодзіць», – цытуе выданне крыніца.

У паліцыі таксама заклікалі грамадзянаў заставацца пільнымі.

Раней паведамлялася, што арыштаваны Навід Б. адмаўляе сваю датычнасць да нападу. Паводле інфармацыі праваахоўных органаў, у падазраванага няма сувязі з радыкальным ісламам. У службе бяспекі Нямеччыны таксама адзначалі, што 23-гадовы Навід Б., магчыма, зʼяўляецца ўцекачом з Пакістану.

19 снежня грузавік заехаў у натоўп на калядным кірмашы ў цэнтры Берліну. Аўтамабіль праехаў каля 80 м. У выніку нападу загінулі 12 чалавек, 48 атрымалі раненні. Паліцыянты затрымалі чалавека, які знаходзіўся на месцы кіроўцы. Мужчына, які знаходзіўся побач з ім на месцы пасажыра, загінуў.

МЯ, паводле rbc.ru

Глядзі таксама
Каментары