Палітолаг: ЗША могуць змяніць баланс сілаў на Данбасе


Замірэнне на Данбасе трывае пад дыскусіі пра наўпроставае міжнароднае вайсковае падтрыманне Украіне, каб абараніць яе тэрытарыяльную цэласнасць. Ці можа гэта стаць нагодай для эскалацыі канфлікту? Карэспандэнтка «Белсату» Алена Літвінава гутарыць з украінскім палітолагам Аляксандрам Лявонавым.

Кангрэс ЗША ўхваліў рашэнне звярнуцца да прэзідэнта Оўбамы з просьбаю дапамагчы Украіне смяротнай зброяй. Наколькі ад будучага рашэння Оўбамы залежыць новы віток эскалацыі канфлікту на Данбасе?

Ад гэтага рашэння сама па сабе эскалацыя канфлікту не залежыць. На сёння ў Расеі няма аніякіх абмежавальнікаў, каб сапраўды пачаць новую эскалацыю. З іншага боку, прадстаўленне Злучанымі штатамі Украіне смяротнай зброі кардынальна зменіць баланс сілаў, таму што гаворка будзе весціся пра цану, якую прыйдзецца заплаціць праціўніку за пэўныя вайсковыя поспехі. Таму і відавочна, як у так званых «ЛНР», «ДНР» ды Расеі нервуюцца з гэтай нагоды. Апошнім часам адбыўся сурёзны прарыў у гэтым кірунку, вядома, што ЗША прынялі рашэнне аб перадачы ва Украіну браніраваных Хамвэяў, перадаюць супрацьмінныя станцыі, сродкі сувязі.

Галоўнае пытанне ў тым, каб ліквідаваць той тэхналагічны разрыў, які існуе паміж бакамі. Бо калі параўнаваць выдаткі на абарону, то Расея за апошнія гады выдавала 90 млрд долараў штогод, Украіна – каля 1,5 – 2 млрд.

Таму відавочна, што ўкраінскае войска не мае дастатковага тэхналагічнага патэнцыялу, каб напоўніцу супрацьстаяць таму ўзбраенню, што атрымліваюць баевікі.

У той жа час вайна ва Украіне працягваецца цэлы год і толькі цяпер прынятае такое рашэнне. Ці не выкарыстоўваюць украінскае пытанне ва ўнутрыпалітычнай барацьбе ЗША?

Шчыра кажучы, сапраўды, гэтая тэма звязаная з выбарамі ў ЗША і яе актывізацыя звязаная з тым, што напрыканцы мінулага году рэспубліканцы атрымалі большасць і ў Сенаце, і ў Палаце прадстаўнікоў. Фактычна яны цяпер кантралююць абедзве палаты Кангрэсу, упершыню, калі не памыляюся, ад 2006 году, і таму могуць навязваюць сваю павестку дня, у тым ліку і для адміністрацыі амерыканскага прэзідэнта.

Сёння мы ведаем, што менавіта Барак Оўбама з’яўляецца той фігураю, што не прымае канчатковага рашэнне аб пастаўках Украіне лятальнай зброі, бо іншая вайсковая дапамога ўжо ідзе.

Украінская тэма сталася адною з унутрыпалітычных тэмаў у ЗША і таму, я думаю, што менавіта праз гэты ўнутрыпалітычны характар, не будзе пушчаная на самацёк. Ужо зробленыя шмат досыць рэзкіх заяваў, не толькі рэспубліканцы, але і дэмакраты выступаюць за магутную вайсковую дапамогу Украіне і пытанне аб пастаўках зброі фактычна перайшоў у заканадаўчую галіну.

У той жа час зацішша, якое цяпер ёсць на франтах, увесь час суправаджаецца заявамі з абодвух бакоў пра магчымы пачатак актыўных баявых дзеянняў. Што цяпер можа выкарыстаць Расея ў якасці падставы для актывізацыі на Усходзе Украіны?

На жаль, падставаю можа стаць любая сітуацыя, усё, што заўгодна. У студзені наступленне на аэрапорт і па ўсім фронце, якое скончылася баямі ў Дэбальцава, фактычна адбылося без відавочных прычынаў. Гэта значыць, вялацякучае супрацьстаянне раптам рэзка выбухнула і перарасло ў гарачую фазу, якая ўжо потым перарасла ў шырокамаштабную вайну. Таму прычынаю могуць назваць усё, што заўгодна.

Гутарыла Алена Літвінава, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары