Палітолаг: Прыйдзецца чакаць 5-10 гадоў, калі разлічваць на змены ў Расеі пад уплывам крызісу


У апошнія гады Расея перажыла «фашызацыю», мяркуе палітолаг Усевалад Чарназуб.

Пра стан апазіцыі ды грамадства ў цэлым у Расеі, сёння размаўляем з расейскім палітолагам і палітуцекачом Усеваладам Чарназубам.

Усевалад Чарназуб: Расейская апазіцыя ў сённяшнім выглядзе пачынаецца з пратэстаў канца нулявых-пачатку 2011-га года, калі быў вялікі грамадскі пад’ём і вялікія чаканні на перамены. Але пасля адбыўся шэраг непрыемных момантаў: разгон Балотнай плошчы, арышты апазіцыйных актывістаў. І фінальная кропка – забойства Барыса Нямцова. Таму зараз расейская апазіцыя вельмі абяскроўленая. Вельмі шмат людзей былі вымушаныя з’ехаць, такім чынам быў вычышчаны актывісцкі касцяк. З іншага боку перад апазіцыяй вялікі выклік і вялікія абавязкі. Людзі сядзяць у турмах, тое ж забойства Нямцова накладвае асабістыя абавязкі на тых, хто застаўся і хто працягвае барацьбу ўнутры краіны. Думаю, зараз у іх шмат матываў, каб аб’ядноўвацца, па крайняй меры не сварыцца, каб выбудоўваць нейкі канструктыўны дыялог.

«Белсат»: Адразу некалькі расейскіх рухаў і арганізацыяў абвесцілі аб стварэнні апазіцыйнай кааліцыі. Наколькі гэтая кааліцыя аб’ядноўвае ўсю апазіцыю?

Усевалад Чарназуб: У яе ўваходзяць самыя буйныя і ўплывовыя асобы – Навальны як лідар апазіцыі, Міхаіл Касьянаў як адна з віп-асобаў. У прынцыпе гэта сур’ёзная кааліцыя. Але яе будучыня выклікае пытанні, бо мы праходзілі шмат этапаў кааліцыі. Усё пытанне ў тым, ці хопіць нейкага эмацыйнага запалу, каб навязаць рэальную барацьбу. Бо проста так аб’ядноўвацца нікому непатрэбна, гэта рабілі шмат разоў. Людзі даўно чакаюць практычных вынікаў: перамогаў на мясцовых выбарах, павелічэння колькасці прыхільнікаў. Апазіцыя мусіць даць людзям надзею і вынік, якія натхняць людзей на нейкую барацьбу. Ці змогуць апазіцыянеры гэта зрабіць? Пабачым літаральна ў верасні на бліжэйшых рэгіянальных выбарах, якія пройдуць у Расеі. Але ў той жа час у апазіцыі не вельмі вялікая роля, таму што для пераменаў патрэбна спалучэнні многіх фактараў. У 2011-2012 гадах яно было: стомленасць людзей ад Пуціна, нейкія грамадскія кампаніі, гісторыя пратэсту да гэтага, эканамічная стагнацыя.

Трэба памятаць, што цяпер у Расеі, пасля Крыму, існуе такі ўгар людзей, ура-патрыятызм, які не мае падставаў. Адбылася па сутнасці такая фашызацыя краіны. «Мы народ, мы адзіныя, усе ворагі, пятую калону разгонім».

«Белсат»: Але цяпер узровень жыцця расейцаў упаў. Няўжо яны гэтага не заўважаюць? Няўжо гэта не спавадавала пратэстных настрояў?

Усевалад Чарназуб: Ніколі няма наўпроставай карэляцыі ў нашых краінах, што ўпаў узровень жыцця, і людзі адразу пабеглі на плошчу пратэставаць. Наадварот: калі рэзка падае ўзровень жыцця, людзі схільныя бачыць у гэтым прошукі знешніх сілаў і аб’ядноўвацца вакол уладаў. Ідзе адваротная рэакцыя.

«Белсат»: Пакуль Майдану ад расейцаў чакаць не варта?

Усевалад Чарназуб: Калі чагосьці і чакаць, то даволі доўга. Савецкі Саюз разваліўся, калі ўзровень жыцця падаў гадоў дзесяць. А там яшчэ і вайна ў Афганістане, увесь золатавалютны рэзерв быў выдаткаваны, цэны на нафту ўпалі – гэты крызіс заняў амаль усё дзесяцігоддзе 1980-х. Улады спрабавалі на яго адказаць перабудовай і яшчэ чымсьці, але ў выніку крызіс вычарпаўся. У пачатку 1980-ху СССР было бессэнсоўна гаварыць пра развал. Наадварот была такая эпоха рэакцыі, калі Андропаў прыйшоў да ўлады пасля Брэжнева і іншых. Таму можна сказаць, што зараз у Расеі такі самы пачатак 1980-х гадоў. Калі гэты крызіс працягнецца гадоў пяць ці дзесяць, тады мы можам на нешта разлічваць.

Стужка навінаў