Палітолаг пра газавы канфлікт: Гульня на лініі Масква-Менск можа працягвацца доўга


Праз даўгі за газ Расея скароціць пастаўкі нафты ў Беларусь. Аб’ём у першым квартале складзе 4 млн тонаў замест запланаваных раней 4,5 млн. Пра прычыны і наступствы такога рашэння распавядае палітолаг Андрэй Ягораў.

На думку эксперта, эканамічны эфект ад кроку Масквы значны, але не крытычны.

«Дастатковая колькасць для перапрацоўчых заводаў усё роўна ёсць. Хаця гэта не тое, чаго чакае Беларусь. Гэта не дазваляе мець прыбытак, на які разлічвае Беларусь. Таму гэта будзе паўплываць на экспарт, бо нафта з’яўляецца асноўным экспартным рэсурсам», – кажа палітолаг.

Паводле Андрэя Ягорава, цалкам скараціць датацыі Беларусі Расея не можа, бо тады Беларусь будзе імкліва шукаць шляхі незалежнага існавання.

«Дазволіць Беларусі незалежнасць абрэзаўшы гэтыя рэсурсы – немагчыма. Гэта гульня, калі трэба даць, але не даць столькі, каб Беларусь магла развівацца больш, чым патрэбна. Гэта нюансы гульні. Далей Менск будзе правакаваць Маскву пэўнымі сімвалічнымі крокамі, то бок больш рэзка паводзіць сябе на міжнародным узроўні, антырасейская рыторыка. Будзе гульня нерваў», – лічыць Андрэй Ягораў.

Развязання канфлікту праз падпісанне дамовы цяпер не будзе, мяркуе палітолаг.

Колькі яшчэ працягнецца гульня Менску з Масквою – глядзіце ў «Каментары».

ДР belsat.eu

Стужка навінаў