Палітолаг: Амерыкана-расейскія перамовы па Украіне могуць адбыцца ў Менску


Блізкі да адміністрацыі прэзідэнта Расеі палітолаг, дырэктар Цэнтру палітычнай канʼюнктуры Аляксей Часнакоў заявіў, што сустрэча памочніка прэзідэнта Расеі Уладзіслава Суркова са спецпрадстаўніком ЗША па Украіне Куртам Волкерам, хутчэй за ўсё, пройдзе ў Менску, а яе дата можа быць узгодненая ў бліжэйшыя дні.

«Амерыканскі бок прапаноўваў сустрэцца ў Вене, расейскі ў Калінінградзе. Менск мог бы стаць зручнай для абодвух бакоў кропкай сустрэчы. Для расейскай дэлегацыі гэта добры кампраміс – тэрыторыя Саюзнай Дзяржавы Расеі і Беларусі, і ад Калінінграду недалёка. Для амерыканцаў таксама саступка невялікая – ляцець прыйдзецца толькі на гадзіну-паўтары даўжэй (чым у Вену – заўв.)», – напісаў Аляксей Часнакоў у «Фэйсбуку».

Расейскае выданне «Коммерсант» адзначае, што сустрэча Уладзіслава Суркова з Куртам Волкерам мае вялікае значэнне для палітыкі Расеі і ЗША ў адносінах да Украіны. Раней Аляксей Часнакоў заяўляў, што пакуль Курт Волкер не сустрэнецца з прадстаўнікамі Расеі, «змястоўна гаварыць пра тыя альбо іншыя аспекты ягонай пазіцыі заўчасна».

Курт Волкер ужо наведваў Кіеў і прыфрантавыя гарады Украіны ў пачатку ліпеня. У інтэрвю «BBC» ён заявіў, што падтрымлівае пастаўкі Кіеву амерыканскай зброі.

Глядзіце таксама:

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў