Пальчыс – у турме, Джон Сільвер – на свабодзе


Блог 1863x.com працягвае працу.

13 верасня на старонцы 1863x з’явіўся тэкст «Змагарскі легіён», у якім асоба, якая падпісалася «Джон», піша, што ён не збіраўся сыходзіць.

«Не шукайце ў маёй камеры сродкі сувязі, і не рабіце ператрусаў у маіх адвакатаў. Гэта піша не Эдуард, а Джон Сільвер. І я абяцаю: мы, Сільверы, гэткай пароды, якіх у пэўных жыццёвых сітуацыях становіцца ўсё больш і больш. І мы не раім нас пладзіць у атмасферы рэпрэсіяў і турэмнай гнілі. Мы тады злыя і пішам больш і працуем руплівей», – піша аўтар.

Новы Джон Сільвер не ведае, што збіраюцца зрабіць з ім улады: «З прычыны лібералізму, што ў вас разгуляўся, прагнозы могуць быць суцяшальныя, кшталту абмяжуюцца тым, што я адседзеў. Але паколькі логіцы нічога тут не падпарадкоўваецца, могуць паказаць на мне, што не добра Расеюшку ганіць, яна ж старэнькая, яна ж хварэе вельмі, яна ж можа грошыкаў не даць, і тады я жонку сваю абдыму не хутка, а мне б гэтага не хацелася, паколькі я вельмі сумую па ёй», – разважае ананім.

«Не думайце, што Джон Сільвер замоўкне. Эдуард Пальчыс можа крыху адпачыць ад клавіятуры, вядома, але пыліцца ёй як такой ніхто не дасць», – заяўляе Джон.

Першай публікацыяй на старонцы пасля затрымання Эдуарда Пальчыса ў студзені 2016 года стаў тэкст з мінулага тыдня «Абаронца Радзімы» нібыта аўтарства Вікторыі Пальчыс, жонкі Эдуарда, якая тлумачыць, навошта яе муж стварыў блог.

Глядзіце таксама: Падрабязнасці справы Джжона Сільвера

ДД, belsat.eu

Стужка навінаў