Палата прадстаўнікоў ЗША прагаласавала за пастаўкі зброі ва Украіну


За рэзалюцыю, якая заклікае Барака Оўбаму выслаць зброю ва Украіну, прагаласавалі 348 кангрэсменаў, супраць – 48, паведамляе «Associated Press».

Гэты дакумент не абавязвае прэзідэнта ЗША да пэўных дзеянняў, аднак з’яўляецца важным сігналам для выканаўчай улады. Паводле кангрэсменаў, пастаўкі амерыканскай зброі мусяць узмоцніць Украіну, што сталася ахвяраю «несправакаванай агрэсіі, якая працягваецца з боку Расеі».

Барак Оўбама ўстрымліваецца ад паставак так званай «лятальнай зброі» Кіеву, аргументуючы гэта тым, што такі крок прывядзе да эскалацыі канфлікту на Данбасе. Аднак за мілітарнае ўзмацненне Украіны выступае Кангрэс і частка экспертаў-дарадцаў у Белым доме.

Раней ЗША запрапанавалі Украіне вайсковую дапамогу ў выглядзе «нелятальнай зброі» на суму кал 120 млн долараў. Гэта сістэмы сувязі, радары, што дазваляюць ідэнтыфікаваць месцы, адкуль вядзецца артылерыйскі абстрэл а таксама больш за 200 адзінак армейскіх джыпаў «Humvee».

МЛ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары