Паланэза не прадаць. ЗША забаранілі Беларусі гандляваць зброяй


Міністэрства фінансаў ЗША памясціла ў чорны спіс дзяржаўны канцэрн Белзнешпрамсэрвіс, які займаецца экспартам і мадэрнізацыяй узбраенняў. Што насцярожвае Захад у айчынным вайсковым экспарце?

Іран, Сірыя і Паўночная Карэя супрацоўнічаюць у справе распрацоўвання балістычных ракетаў, якія могуць несці ў тым ліку і ядравыя боегалоўкі. Пасля гэтага дакладу амерыканскіх спецслужбаў на пачатку 2000-х гадоў Кангрэс ЗША прыняў акт аб санкцыях супраць любых кампаніяў, што дапамагаюць названым краінам у гэтых распрацоўваннях.

Паводле абнародаванага сёння дакументу Міністэрства фінансаў Злучаных Штатаў, адною з такіх кампаніяў ёсць беларускі дзяржаўны канцэрн «Белзнешпрамсэрвіс» – вытворца ўзбраенняў і прадукцыі падвойнага прызначэння. Прадстаўнікі кампаніі на запыт «Белсату» па каментар своечасова не адказалі.

«Хутчэй за ўсё справа ў Іране, які зʼяўляецца праблемай для ЗША на Блізкім Усходзе. Яны баяцца, што Беларусь паставіць сістэмы кіравання і навядзення ракетных комплексаў для гэта краіны», – мяркуе вайсковы аглядальнік Аляксандр Алесін.

Шэрыя схемы гандляроў смерці

«Белзнешпрамсэрвіс» быў стораны неўзабаве пасля прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі, які ўзяў продаж зброі пад жорсткі кантроль. Паводле вайсковага аглядальніка Аляксандра Алесіна, афіцыйны вайсковы экспарт Беларусі перасягае $ 800 млн за год.

«Гэта перадусім сродкі радыёэлектроннай барацьбы, радыёлакатары, сродкі абароненай сувязі, беспілотна-авіяцыйныя прылады, аўтаматызаваныя сістэмы кіравання войскам і опта-электронныя сістэмы», – пералічвае Аляксандр Алесін.

Але, з цэнтралізацыяй вайсковага экспарту, шэрыя схемы не толькі не зніклі, а, наадварот пашырылі маштабы. У 1996 годзе інспектары ААН знайшлі беларускую артылерыю ў абкладзеным санкцыямі Іраку. У 2004 годзе, беларускія наёмныя пілоты на штурмавіках Су-25, купленых у Беларусі, бамбілі апазіцыю ў Кот Дʼівуары. Цяпер Панэль экспертаў ААН падазрае, што беларускія авіякампаніі «Рубістар» і «Трансавіяэкспарт» пастаўляюць стралковую зброю розным групоўкам баевікоў у Лівіі. Паводле экс-дэпутата Сяргея Антончыка, часам, у межах шэрых схемаў, Беларусь выконвае геапалітычныя даручэнні Расеі, калі тая не хоча ўмешвацца наўпрост.

«Калі ён кажа, што мы нейтральная краіна, ён хлусіць. Мы цалкам знаходзімся ў геапалітычным кантэксце Расеі», – упэўнены Сяргей Антончык, дэпутат Вярхоўнага Савету РБ (1990-1995).

Беларусь – канкурэнт Расеі ў гонцы ўзбраенняў

Яшчэ адная імаверная матывацыя такіх здзелак, на думку экс-дэпутата, – адмыванне грошай. У якасці прыкладу аўтар знакамітага антыкарупцыйнага дакладу прыводзіць тое, што пасярэднікамі ў экспарце зброі з Беларусі нярэдка выступаюць прыватныя фірмы, кшталту «Белтэхэкспарту», падкантрольнага блізкаму да Лукашэнкі бізнесоўцу Уладзіміру Пефціеву.

Агулам, падсумоўвае Сяргей Антончык, шэры экспарт зброі незаконным рэжымам і групоўкам узбагачае вузкае кола беларускіх урадоўцаў ды набліжаных да іх бізнесоўцаў. Але краіна і насельніцтва на ягоную думку, страчвае на парадак больш. Бо рэгулярныя санкцыі захаду супраць беларускіх дастаўцаў зброі адпалохваюць міжнародных інвестараў, на якіх Менск цяпер разлічвае ў якасці аднаго з лакаматываў, што выведзе краіну з эканамічнага крызісу.

Станіслаў Івашкевіч, Белсат

Стужка навінаў