Палачанін угаворваў незнаёмых браць для яго крэдыты і афармляць мабільныя тэлефоны


Ад ашуканства злачынцы пацярпелі больш за 50 чалавек.

Следчыя выявілі, што цягам трох месяцаў 2013 года 30-гадовы палачанін без адукацыі пазнаёміўся з іншым жыхаром Полацку і ўгаварыў яго аформіць на сябе грашовы крэдыт, абяцаючы яго сплочваць. Ён таксама пераканаў купіць для яго за гэтыя грошы тэлевізар, мабільны тэлефон, газавую пліту (агульная сума больш за 4300 рублёў).

Ужо пазней цягам паўгода ў 2017 годзе мужчына знайшоў больш за 50 чалавек, якіх угаворваў набыць у растэрміноўку мабільныя тэлефоны, планшэт, фітнес-бранзалетку, карту памяці і сім-карты. Мужчына абяцаў узнагароджанне, але вядома не заплаціў. Агульная сума стратаў пацярпелых (сярод якіх 70 мабільных тэлефонаў) склала больш 48300 рублёў.

Следства таксама высветліла, як злачынца падманваў сваіх ахвяраў. Мужчына прыходзіў у салон сувязі, дзе яму адмаўлялі ў продажы тэлефона ў растэрміноўку. Праз пару хвілінаў ён вяртаўся з іншым мужчынам, які афармляў апарат на сябе.

Мужчыне прад’явілі абвінавачванне ў махлярстве ў асабліва буйным памеры. Ён знаходзіцца пад вартаю. Справу накіравалі ў суд.

ДР belsat.eu

 

 

Стужка навінаў