Палац Валовічаў у Свяцку: у заняпадзе, але з QR-кодам на сцяне


Мясцовыя жыхары яшчэ памятаюць, як «за Польшчай»у Свяцкім палацы была лякарня для наркаманаў, а сучасныя гісторыкі ды архітэктары не могуць дамовіцца пра аптымальны варыянт рэстаўрацыі.

Толькі рэдкая турыстычная група на шляху з Горадні да Аўгустоўскага каналу не заедзе ў Свяцкі палац. Рэзідэнцыя Валовічаў у Свяцку, пабудаваная напрыканцы XVIII ст. знакамітым італьянскім архітэктарам Джузэпэ Сакка, шмат разоў мяняла гаспадароў. У міжваенны перыяд тут была элітная лякарня для марфіністаў, якіх сюды прыводзілі з усёй Польшчы. Пры саветах – зноў лякарня, але ўжо для хворых на сухоты, якая дзейнічала тут да пачатку 2000-ых.

«Нас было 20 медычных сёстраў, якія тут працавалі, і 12 лекараў, – успамінае спадарыня Ірына, якая жыве ў 200-ах метрах ад палацу. – А мама мая добра памятае, як «пры паляках» тут лячылі наркаманаў. Зараз будынак пусты, што-нішто людзі парасцягвалі…»

У 2009-ым пустуючы будынак прыдбаў санаторый «Азёрны», які знаходзіцца на балансе Нацбанку. У праекце рэстаўрацыі вялося не толькі пра аднаўленне палацу, але і пра кузню, піваварню, канюшню, парк, карацей, цэлы турыстычны комплекс.

Праз шэсць год бачныя толькі нязначныя пазітыўныя зрухі: пастаўленыя водаадводы, каб вільгаць не знішчала сцены ды ачышчаныя паркавыя ставы, што таксама нямалаважна.

Зрэшты, некаторыя гісторыкі ўпэўненыя, што лепш так, чым рэалізоўваць першасны праект рэстаўрацыі з масай хібаў ды недакладнасцяў.

«Тое, што найперш кідалася ў вочы ў праекце менскіх архітэктараў – гэта замена барокавага ламанага даху звычайным, – адзначае гісторык Ян Лялевіч. – Можа так і танней, але такое рашэнне цалкам не адпавядае гістарычным рэаліям. Усе палацы Сакка, у тым ліку гарадзенскі Новы замак, маюць высокі ламаны дах, які цяпер мы бачым у Свяцку».

Зрэшты, менчукі нібыта паабяцалі перагледзець праект рэстаўрацыі, што, на добры розум, патрабуе працы ў польскіх архівах, дзе могуць захоўвацца звесткі пра вонкавы выгляд ды інтэр’еры палацу. Пакуль жа наведнікаў у сам будынак не пускаюць, а працы замарожаныя.

Звяртае на сябе ўвагу толькі новая шыльда з QR-кодам, усталяваная ў рамках памежнай праграмы Еўразвязу ды прымацаваная паверх запэцканай і нестабільнай тынкоўкі.

АК, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары