Пакуль збіты журналіст здымаў пабоі, на ягоных калег выклікалі міліцыю


Фота Кацярыны Андрэевай з месца падзеяў
Фота Кацярыны Андрэевай з месца падзеяў

Журналіст парталу Tut.by Павел Дабравольскі звярнуўся ва ўпраўленне Дзяржаўнага камітэту судовых экспертыз па Менску, каб зафіксаваць наступствы ўчорашняга збіцця міліцыянтамі.

Разам з карэспандэнтам ва ўпраўленне прыехалі незалежныя журналісты Кацярына Андрэева і Андрэй Рабчык. Пры з’яўленні журналістаў працаўнікі ўстановы выклікалі міліцыянтаў, якія прыехалі праз лічаныя хвіліны. Міліцыянты забаранілі журналістам рабіць здымкі і ўвесь час знаходжання пільнавалі іх у памяшканні ўпраўлення.

Прыкладна праз гадзіну Паўлу Дабравольскаму ўдалося афіцыйна зарэгістраваць пашкоджанні.

«Са Следчага камітэту мне так ніхто і не патэлефанаваў, таму я разам з калегамі паехаў сёння ва ўпраўленне Дзяржаўнага камітэту судовых экспертыз, прайшоў агляд і зафіксаваў пашкоджанні. Мне паведамілі, што вынік агляду будзе гатовы праз 2-3 дні. Яго я таксама збіраюся перадаць у Следчы камітэт, куды раней звярнуўся з заявай аб прыцягненні супрацоўнікаў міліцыі да адказнасці», – расказаў Дабравольскі прэс-службе Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Пасля выхаду з упраўлення калегі змаглі без перашкодаў пагутарыць з Паўлам, пасля чаго ўсе журналісты з’ехалі.

25-га студзеня міліцыянты збілі двух грамадскіх актывістаў, якія ўзнялі расцяжку на судзе над аўтарамі графіці «Беларусь мае быць беларускай». Міліцыянты збілі таксама журналіста Tut.by Паўла Дабравольскага, якія меў рэдакцыйнае заданне асвятляць працэс.

МЯ, паводле baj.by

Глядзі таксама
Каментары